Беларускія праваабаронцы заклікалі ўлады пачаць пераадольваць нацыянальны крызіс і выкарыстаць для гэтага заплянаваную амністыю да сьвята 9 траўня, каб вызваліць з турмаў людзей, што праявілі грамадзянскую нязгоду.
Беларускі Хэльсінскі Камітэт, арганізацыі «Прававая ініцыятыва», Праваабарончы цэнтар «Вясна», Respect-Protect-Fulfill, Беларускі ПЭН, Lawtrend, Human Constanta і Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярнуліся да Палаты прадстаўнікоў перад разглядам праекта закона аб амністыі ў сувязі з 80-годзьдзем перамогі ў Другой сусьветнай вайне. Копіі звароту яны накіравалі ў Савет Рэспублікі і адміністрацыю Лукашэнкі.
Праваабаронцы сьцьвярджаюць, што «ў цяперашняй рэдакцыі праекта закона выключаная магчымасьць прымяненьня амністыі для асуджаных па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія актыўна прымяняліся ў дачыненьні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў і нязгодных з палітыкай, што праводзіцца дзяржавай.
«Падобны падыход супярэчыць прынцыпам справядлівасьці, гуманізму і павагі да правоў чалавека. Большасьць асуджаных, якія не падпадаюць пад дзеяньне законапраекта ў разгляданай рэдакцыі, былі асуджаныя за рэалізацыю гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі правоў (у тым ліку на свабоду выказваньня меркаваньня і мірныя сходы). Гэтыя людзі не зьвярталіся да гвалтоўных мэтадаў у працэсе рэалізацыі сваіх правоў. Значная колькасьць такіх асуджаных цяпер знаходзіцца ў вельмі ўразьлівым стане з-за ўзросту, стану здароўя і ўмоў утрыманьня, якія могуць кваліфікавацца як жорсткае і прыніжаючае годнасьць пакараньне. Адсутнасьць рэальнай мэдыцынскай дапамогі, цяжкія ўмовы ўтрыманьня ў месцах пазбаўленьня волі прыводзяць да пастаяннай пагрозы жыцьцю і здароўю людзей».
У заяве сьцьвярджаецца, што вызваленьне гэтых людзей, якія не прычынілі шкоды жыцьцю і здароўю іншых, у рамках амністыі стала б ня толькі актам справядлівасьці, але і важным крокам да пераадоленьня нацыянальнага крызісу, аднаўленьня даверу ў грамадзтве, аблягчэньні фізычных і маральных пакут ня толькі асуджаных, але і іх блізкіх.
«Каштоўнасьць кожнага чалавечага жыцьця, павага да чалавечай годнасьці, правоў і свабод зьяўляюцца фундамэнтальнымі прынцыпамі міжнароднага права і „мэтай грамадзтва і дзяржавы“, як паказана ў Канстытуцыі Беларусі».
Праваабаронцы заклікалі ўлады адмовіцца ад дыскрымінацыйнага падыходу і распаўсюдзіць дзеяньне амністыі на ўсіх асоб, асуджаных па т.зв. злачынствам «экстрэмісцкай накіраванасьці», перагледзеўшы адпаведным законапраект.
24 красавіка законапраект «Аб амністыі ў сувязі з 80-годзьдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», падрыхтаваны МУС Беларусі, унесьлі на разгляд дэпутатаў.
Чакаецца, што амністыя закране каля 8 тысяч зьняволеных. Як паведамляла МУС, агулам у законапраекце «захаваныя падыходы, пасьпяхова апрабаваныя ў ходзе амністыяў мінулых гадоў», але ёсьць і істотныя зьмены.
Так, амністыю рыхтуюць для часткі асуджаных за абарачэньне наркотыкаў паводле артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу . Улады прапануюць скараціць тэрміны зьняволеньня на год, але толькі тым, хто на момант злачынства быў непаўналетнім і каго асудзілі ўпершыню. У дадатак трэба мець добрую характарыстыку зь месца адбываньня пакараньня. Амністыя ня тычыцца асуджаных паводле ч. 5 арт. 328 (калі спажываньне наркотыкаў прывяло да сьмерці чалавека).
Таксама ўлады прапануюць скараціць на год тэрміны пакараньня наступным катэгорыям вязьняў:
- жанчынам і адзінокім мужчынам, якія выхоўваюць дзяцей да 18 гадоў;
- шматдзетным маці трох і больш дзяцей да 18 гадоў, асуджаным за забойства або прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня. У такіх выпадках у справе ня мае быць абставінаў, якія абцяжарваюць віну асуджанага.
Пад амністыю могуць трапіць вязьні з пэўнымі захворваньнямі (якімі, у МУС не ўдакладнілі).
Цяперашнюю амністыю прапануюць распаўсюдзіць таксама на людзей так званай «ільготнай катэгорыі» (непаўналетнія, цяжарныя, бацькі дзяцей да 18 гадоў, асобы пэнсійнага ўзросту, інваліды 1-й і 2-й групаў, хворыя на анкалягічныя захворваньні), якія ўчынілі злачынствы, што не адносяцца да цяжкіх.
Людзям, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту, раней ня суджаным і асуджаным на пазбаўленьне волі да 6 гадоў уключна, прапануюць замяніць пакараньне мякчэйшым — «хатняй хіміяй» (абмежаваньнем волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу).
Пры гэтым амніставаць зьбіраюцца толькі тых, хто цалкам кампэнсаваў нанесеныя страты і станоўча характарызуецца турэмнай адміністрацыяй.
У папярэднія гады амністыя не стасавалася тых, каго сілавікі ўнесьлі ў сьпіс датычных да «экстрэмісцкай» ці «тэрарыстычнай» дзейнасьці, куды часта ўключаюць палітвязьняў. Палітычным зьняволеным у калёніях часта выпісваюць парушэньні з надуманых прычынаў.
Форум