У першы ж дзень сваю перадвыбарчую праграму прэзэнтавала Ганна Канапацкая, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, удзельніца прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. У ёй Канапацкая сьцьвярджае, што яе праграма «Беларусь для людзей!» пабудаваная «на базавых прынцыпах дэмакратычнай, сувэрэннай, сацыяльнай дзяржавы» і называе «адной з найважнейшых задач» «замацаваньне і выкананьне дзяржавай палітычных і прававых нормаў, якія вызначаюць правы і свабоды чалавека».
У палітыцы Канапацкая абяцае абмежаваць уладу прэзыдэнта «двума 4-гадовымі тэрмінамі знаходжаньня адной асобы на пасадзе» і ініцыяваць рэфэрэндум у пытаньні пераўтварэньня Беларусі ў парлямэнцкую рэспубліку.
Яна абяцае рэфармаваць і мадэрнізаваць эканоміку, разьвіваць тэхналягічныя галіны, правесьці прыватызацыю некаторых дзяржаўных прадпрыемстваў і закрыць неэфэктыўныя вытворчасьці, разьвіваць прадпрымальніцтва і малы бізнэс, зьменшыць падатковую нагрузку, увесьці інстытут прыватнай уласнасьці на зямлю, «выканаць умовы для адмены санкцыяў» і інш.
У сацыяльнай палітыцы Канапацкая ставіць сабе задачу «росту колькасьці насельніцтва» і, сярод іншага, абяцае стымуляваць нараджэньне дзяцей, заканадаўча замацаваць інстытут сурагатнага мацярынства і зьнізіць для жанчын заканадаўча дазволены ўзрост уступленьня ў шлюб да 17 гадоў (са згоды бацькоў), падтрымліваць жанчын і дзяцей і няпоўныя сем’і зь дзецьмі і інвалідамі. Таксама яна хоча павысіць прызыўны ўзрост да 20 гадоў «з паэтапным пераходам да прафэсійнага кантрактнага войска». Пэнсіянэрам яна абяцае спыніць далейшае павышэньне пэнсійнага ўзросту.
Канапацкая абяцае забясьпечыць «умовы для вяртаньня і гарантыі» тым, хто пакінуў краіну па палітычных, эканамічных і іншых матывах, а палітвязьням — новыя амністыі ці зьмякчэньне пакараньня.
Згодна з праграмай, яна таксама плянуе «ўзьняць прэстыж» праваахоўнікаў і сілавікоў і павялічыць іх «узаемадзеяньне з грамадзянскай супольнасьцю».
Што да міжнародных адносінаў, сваёй задачай Канапацкая бачыць «аднаўляць узаемавыгадныя, дзелавыя сувязі з усімі суседзямі, кіруючыся, у першую чаргу, уласнымі, прагматычнымі інтарэсамі». Цалкам праграму Канапацкай можна пачытаць тут.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году ўсе выбарчыя кампаніі ў Беларусі праводзіліся з грубымі парушэньнямі заканадаўства, іх вынікі істотна фальсыфікаваліся. Цяперашняя выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць ва ўмовах палітычнага крызісу і шырокамаштабных рэпрэсій.
- Ганна Канапацкая стала шырока вядомая беларусам пасьля таго, як на выбарах у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 2016 году трапіла ў парлямэнт як адна з дзьвюх дэпутатак ад апазыцыі (да 2019 году яна была сябрам зьліквідаванай цяпер апазыцыйнай партыі АГП).У Палаце прадстаўнікоў Канапацкая заклікала да скасаваньня саюзу з Расеяй, крытыкавала Эўразійскі саюз, СНД і тагачаснага расейскага амбасадара ў Беларусі.
- У 2020 годзе Канапацкая ўдзельнічала ў прэзыдэнцкіх выбарах.
- Пасьля масавых пратэстаў і палітычных рэпрэсіяў у Беларусі 2020–2021 году Канапацкая засталася ў Менску. Цяпер яна крытыкуе ўсе прадэмакратычныя сілы, у тым ліку Сьвятлану Ціханоўскую і ўсіх іншых палітыкаў на эміграцыі. Яе запрашалі на прадзяржаўныя мерапрыемствы ў Палату прадстаўнікоў (2022 год) і на Ўсебеларускі народны сход (2021 год).
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум