Польскае радыё з спасылкай на літоўскія мэдыя адзначае, што Расея па-ранейшаму спрабуе гасіць сыгнал GPS. Гэта ўплывае на бясьпеку палётаў у рэгіёне.
Паводле афіцыйных зьвестак літоўскай аэранавігацыйнай кампаніі, у сакавіку пілёты паведамлялі пра збоі ў працы прыладаў спадарожнікавай навігацыі больш за трыста разоў. У лютым такіх паведамленьняў было на паўсотні больш.
Падобныя збоі фіксуюць таксама ў Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі й Нарвэгіі.
Паводле Службы рэгуляваньня сувязі Літвы, збоі генэруюцца наўмысна і ідуць з тэрыторыі Калінінградзкай вобласьці.
«Яны рэгіструюцца ўвесь час і ў асноўным закранаюць усе самалёты, якія пралятаюць паблізу Калінінградзкай вобласьці або над Балтыйскім морам», — кажуць прадстаўнікі службы.
У канцы лютага дарадца прэзыдэнта Літвы Марус Часнулявічус заявіў, што такім чынам расейцы, хутчэй за ўсё, спрабуюць засьцерагчы сябе ад атакаў з боку Ўкраіны, згаданая дзейнасьць не накіраваная канкрэтна супраць Літвы.
Форум