Новым дзяржаўным сакратаром так званай «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі прызначылі расейскага эканаміста і палітыка Сяргея Глазьева.
Пра гэта піша БЕЛТА з спасылкай на словы Аляксандра Лукашэнкі.
«Мы дамовіліся з Уладзімірам Пуціным, што ваш унёсак у будаўніцтва Саюзнай дзяржавы павінен быць важкім, — заявіў Лукашэнка падчас сустрэчы з Глазьевым у Менску. — Ён добрай думкі пра вас. Маю думку вы даўно ведаеце. Таму мы вызначыліся».
Сяргей Глазьеў сказаў Лукашэнку, што прыкладзе ўсе намаганьні, каб «ідэі, закладзеныя ў аснову стварэньня саюзнай дзяржавы, разьвіваліся паводле самай сучаснай эканамічнай навукі». Сярод ідэяў Глазьеў назваў «роўныя ўмовы гаспадараньня і правы грамадзян, агульныя мэханізмы разьвіцьця, пашырэньне каапэрацыі, стварэньне канкурэнтаздольнай эканомікі».
17 красавіка стала вядома, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прызначыў Дзьмітрыя Мезенцава, які раней кіраваў сакратарыятам так званай «саюзнай дзяржавы», сваім прадстаўніком у Канстытуцыйным судзе Расеі.
Мезенцава прызначылі дзяржаўным сакратаром «саюзнай дзяржавы» 19 сакавіка 2021 году, а да таго амаль два гады ён узначальваў амбасаду Расеі ў Беларусі. Ён пад санкцыямі Эўразьвязу, ЗША і Ўкраіны за дачыненьне да прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны падчас расейскай агрэсіі.
Хто такі Глазьеў
- Сяргею Глазьеву 64 гады, ён нарадзіўся ў 1961 годзе ў Запарожжы ва Ўкраіне.
- У 1992–1993 гады займаў пасаду міністра замежнаэканамічных сувязяў Расеі ва ўрадзе Віктара Чарнамырдзіна. Пасьля вярнуўся на працу ў Цэнтральны эканоміка-матэматычны інстытут Расейскай акадэміі навук, зь якім супрацоўнічаў з 1986 году.
- У 1999–2003 гады Глазьеў быў дэпутатам Дзяржаўнай думы Расеі. У лістападзе 2008-га яго прызначылі намесьнікам генэральнага сакратара Эўразійскай эканамічнай супольнасьці. Праз тры месяцы Глазьеў пакінуў пасаду і стаў адказным сакратаром камісіі Мытнага зьвязу Расеі, Беларусі і Казахстана.
- У 2012–2019 гадах — дарадца прэзыдэнта Расеі ў каардынацыі дзейнасьці фэдэральных органаў выканаўчай улады, накіраванай на разьвіцьцё эўразійскай інтэграцыі ў рамках Мытнага зьвязу і Адзінай эканамічнай прасторы Расеі, Беларусі і Казахстану.
- У 2014 годзе Глазьеў быў актыўным у арганізацыі так званай «расейскай вясны» на Данбасе, якая прывяла да стварэньня сэпаратысцкіх ДНР і ЛНР, а пазьней да поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны.
- У апублікаваным у 2024 годзе артыкуле Глазьеў пісаў, што «перад Расеяй стаяць ўражальныя мэты — адраджэньне імпэрыі, стварэньне новага цэнтра прыцягненьня ў геапалітыцы, здольнага супрацьстаяць так званай «амэрыканскай мары».
- «На першым этапе павінна адбыцца аднаўленьне імпэрыі хаця б у межах былога СССР. Пасьля завяршэньня СВА (так у Расеі называюць ваенную агрэсію супраць Украіны — РС) і ўваходжаньня тэрыторыяў былой Украіны ў Расейскую дзяржаву, аўтаматычна ўвальецца і Беларусь, як адна са складнікаў трыадзінай славянскай нацыі. Далей надыдзе чарга Казахстану, іншых азіяцкіх рэспублік, дзяржаваў Каўказа і, нарэшце, Прыбалтыкі. Аднак, гэта толькі пачатак працэсу і доўгага цярністага шляху па стварэньні новай звышдзяржавы», — пісаў Глазьеў.
Форум