Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы паведамілі, што вязьні ў калёніях зноў маюць праблемы з атрыманьнем грашовых пераводаў


Турма ў Магілёве, архіўнае фота
Турма ў Магілёве, архіўнае фота

У беларускіх папраўчых калёніях абвастрылася праблема атрыманьня грашовых пераводаў для вязьняў.

Пра гэта паведамілі праваабаронцы «Вясны» з Магілёва ў тэлеграм-канале MayDay.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, плацяжы «Беларусбанка» масава вяртаюцца з папраўчых установаў адпраўнікам прыкладна праз тыдзень пасьля трансакцыі. Падобная сытуацыя назіраецца з другой паловы сакавіка.

Паўторныя пераводы таксама вяртаюцца, хаця зьвесткі адпраўнікаў як сваякоў асуджаных унесеныя ў іх асабістыя справы.

Як удалося высьветліць MAYDAY TEAM, у некаторых папраўчых калёніях ад асуджаных пачалі патрабаваць адмысловыя заявы з указаньнем асобы, ад якой можа быць атрыманы грашовы перавод. У такіх выпадках паўторны перавод даходзіў да адрасата.

Акрамя таго, у некаторых выпадках «Беларусбанк» пачаў адмаўляць сваякам палітвязьняў у пераводах, бо прозьвішчы асуджаных знаходзяцца ў сьпісах «тэрарыстаў». Раней такія базы зьвестак выкарыстоўвала толькі «Белпошта». Мяркуючы па ўсім, з сакавіка іх атрымалі і некаторыя банкі.

Цяпер у «сьпісе тэрарыстаў», які вядзе КДБ Беларусі, агулам 1276 чалавек, зь іх сама меней 588 — грамадзяне Беларусі. Абвешчаным «тэрарыстамі» зьняволеным забаронена атрымліваць грашовыя пераводы.

Год таму па ўсёй Беларусі практычна адначасова за харчовую і грашовую дапамогу сваякам палітвязьняў затрымалі амаль 300 чалавек. У выніку 39 зь іх асудзілі паводле крымінальных артыкулаў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG