Колькасьць легкавікоў на выезд у Польшчу ў пункце пропуску «Берасьце» на 08:00 23 красавіка вырасла да 1260 аўтамабіляў, паведамляе Памежны камітэт Беларусі. Дзень таму, раніцай 22 красавіка, у чарзе было 900 легкавікоў.
Таксама ў пункце пропуску «Брэст» выезду ў Польшчу чакалі тры аўтобусы.
Невялікая чарга легкавікоў сабралася і на выезд зь Беларусі ў Літву ў пункце пропуску Каменны Лог — на 8-ю раніцы 23 красавіка там стаялі 30 аўтамабіляў. У пунктах пропуску Беняконі (на выезд у Літву) і Грыгораўшчына (на выезд у Латвію) чэргаў не было.
Захоўваюцца чэргі фураў на выезд зь Беларусі. На 8-ю раніцы ўезду ў Эўразьвяз чакалі 2650 грузавікоў, больш за ўсё на беларуска-польскай мяжы:
- 1380 фураў – у пункце пропуску Казловічы – Кукурыкі (Польшча),
- 460 фураў – Беняконі – Салечнікі (Літва),
- 390 фураў – Каменны Лог – Меднікі (Літва),
- 420 фураў – Грыгораўшчына – Патэрніекі (Латвія).
8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два літоўскія памежныя пераходы — у Медніках і Салечніках.
Пасьля палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).
На гэты момант на беларуска-польскай мяжы дзейнічае толькі адзін пераход для грузавых аўтамабіляў: Казловічы — Кукурыкі, а таксама адзін для легкавога транспарту і аўтобусаў: Берасьце – Тарэспаль. Так, на зімовыя сьвяты чэргі на выезд зь Беларусі праз гэты пункт перавышалі 2500 легкавых аўтамабіляў і 100 аўтобусаў. Польшча цяпер не разглядае пытаньня адкрыцьця пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю з прычыны браку крокаў насустрач у вострых пытаньнях з боку Менску, заявіў у студзені кіраўнік МУС Польшчы Томаш Семоняк.
19 верасьня 2023 году з прычыны наплыву нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла пункт пропуску Сіленэ (Урбаны).