Праект закону аб амністыі распрацаваў урад. Чакаецца, што амністуюць каля 8 тысяч зьняволеных, адзначае ў сваім тлумачэньні МУС. Там адзначылі, што ў законапраекце «захаваныя падыходы, пасьпяхова апрабаваныя ў ходзе амністыяў мінулых гадоў».
Пры гэтым, аднак, ёсьць істотныя зьмены. Амністыю рыхтуюць для часткі асуджаных паводле артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу за абарачэньне наркотыкаў. Улады прапануюць скараціць прысуджаныя тэрміны зьняволеньня на год. Але толькі тым, хто на момант учыненьня злачынства быў непаўналетнім і каго асудзілі ўпершыню. У дадатак, трэба мець добрую характарыстыку па месцы адбываньня пакараньня. Амністыя ня тычыцца асуджаных паводле ч. 5 арт. 328 (калі спажываньне наркотыкаў прывяло да сьмерці чалавека).
Таксама ўлады прапануюць скараціць на год тэрміны пакараньня наступным катэгорыям асоб:
- жанчынам і адзінокім мужчынам, якія выхоўваюць дзяцей да 18 гадоў;
- шматдзетным маці трох і больш дзяцей да 18 гадоў, асуджаным за забойства або прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня. У такіх выпадках у справе ня мае быць абставінаў, якія абцяжарваюць віну асуджанага.
Пад амністыю могуць трапіць зьняволеныя з пэўнымі захворваньнямі. Людзям, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту, раней ня суджаным і асуджаным да пазбаўленьня волі на тэрмін да 6 гадоў уключна, прапануюць замяніць пакараньне мякчэйшым — «хатняй хіміяй» (абмежаваньнем волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу).
Цяперашнюю амністыю прапануюць распаўсюдзіць таксама на людзей да так званай «ільготнай катэгорыі» (непаўналетнія, цяжарныя, бацькі дзяцей да 18 гадоў, асобы пэнсійнага ўзросту, інваліды 1-й і 2-й групаў, хворыя на анкалягічныя захворваньні), якія ўчынілі злачынствы, што не адносяцца да цяжкіх.
Амніставаць зьбіраюцца толькі тых, хто цалкам кампэнсаваў нанесеныя страты і станоўча характарызуецца турэмнай адміністрацыяй.
У папярэднія гады амністыя не распаўсюджвалася на тых, каго сілавікі ўнесьлі ў сьпіс датычных да «экстрэмісцкай» ці «тэрарыстычнай» дзейнасьці, куды часта ўключаюць палітвязьняў. Палітычным зьняволеным у калёніях часта выпісваюць парушэньні паводле надуманых прычынаў.
Форум