Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У асноўным па 30-35 эўра». Хто і як працягвае ахвяраваць грошы на дапамогу сем’ям палітзьняволеных


Lithuania — BySOL. The conference "New Belarus-2024. Vilnius, 4Aug2024
Lithuania — BySOL. The conference "New Belarus-2024. Vilnius, 4Aug2024

Фонд BySol абвесьціў чарговы збор «на летнія вакацыі» для дзяцей палітвязьняў. Заяўкі ўжо падалі бацькі больш як 170 дзяцей.

Зборы на дапамогу дзецям палітвязьняў фонд BySol пачаў у 2021 годзе. Зараз яны праходзяць некалькі разоў на год, расказвае сузаснавальнік фонду Андрэй Стрыжак.

«Мы штогод праводзім тры акцыі збору сродкаў для дзяцей палітвязьняў – збор да пачатку навучальнага году, калядны збор і збор на летнія вакацыі, – расказвае Стрыжак. – І вось ужо фактычна чацьвёрты год яны ідуць. Заўсёды вельмі шмат заявак на іх, на кожнай акцыі мы зьбіраем грошы прыкладна для 250-300 дзяцей. Гэта значыць, што кожны раз нам трэба сабраць каля 25-30 тысяч эўра на кожнай з акцыяў».

З словаў Стрыжака, фонд не патрабуе ад заяўнікаў справаздачаў або нейкага абгрунтаваньня неабходнасьці атрымаць дапамогу для дзяцей. Папрасіць дапамогі могуць сем’і беларусаў, якія жывуць у Беларусі ці ў любым іншым месцы на Зямлі, абмежаваньняў няма.

«Нехта купіць штосьці з вопраткі, нехта падарункі дзецям на лета, магчыма, хтосьці дабавіць яшчэ грошай і кудысьці ў адпачынак паедзе, – гаворыць Стрыжак. – Мы нічога не патрабуем у якасьці справаздачы. Для нас самае галоўнае, каб заяўнік адпавядаў крытэрам – гэта мусіць быць сям’я палітзьняволенага або былога палітзьняволенага. Сёлета мы яшчэ дадалі катэгорыю – дзеці зь сем’яў так званых «хатніх хімікаў». Гэта ўсё на даверы. Мы просім прыслаць нам словы падзякі або, магчыма, нейкія фота. Але гэта ўсё на жаданьне. Мы разумеем, што разьмяшчэньне фота можа несьці пагрозу для людзей».

Андрэй Стрыжак, архіўнае фота
Андрэй Стрыжак, архіўнае фота

Стрыжак кажа, што пасьля завяршэньня збору кожны з заяўнікаў атрымае па 100 эўра. Выдаткі на камісію пры перасыланьні грошай і іншыя апэрацыйныя выдаткі BySol кампэнсуе з рэшты сумы. Калі ў выніку збору грошы застануцца, то яны пяройдуць на наступную «дзіцячую» кампанію, кажа Андрэй Стрыжак.

«У нас апошнім часам не было такога, каб сума не зьбіралася, заўсёды застаецца невялікі запас, – дадае Стрыжак. – Таму мы кожны збор пачынаем ужо зь невялікай сумай на рахунку. З кожным годам трэба прыкладаць усё больш высілкаў, каб зьбіраць сродкі. Але я не скажу, што людзі зусім не данацяць. Гэтыя «дзіцячыя» зборы заўсёды дастаткова пасьпяховыя. Сумы зьбіраюцца. Я думаю, што мы і гэтым разам да канца вясны зьбяром грошы. Такі збор стаў ужо традыцыйным, людзі прызвычаіліся ахвяраваць на дапамогу дзецям палітвязьняў».

На гэты момант заяўкі на «летні вакацыйны збор» падалі больш за 170 чалавек. Гэта значыць, што сабраць трэба каля 17 тысяч эўра. Пакуль на рахунку каля 7 тысяч. З словаў сузаснавальніка BySol, здараюцца буйныя ахвяраваньні. Фонд мае пул зь некалькіх донараў, якія дапамагаюць буйнымі ахвяраваньнямі ў разе патрэбы. Але ў асноўным грошы ахвяруюць усё ж адносна невялікімі сумамі.

«Вялікія зборы маюць посьпех усё ж дзякуючы актыўнасьці звычайных людзей, невялікім ахвяраваньням, – кажа Стрыжак. – Калі нехта думае, што збор памерам 20 тысяч эўра немагчыма сабраць, ахвяруючы па 5, то гэта памылковая лёгіка. Асноўная колькасьць ахвяраваньняў – акурат адносна невялікія. Па 30-35 эўра. Вялікі дзякуй людзям, якія данацяць шмат. Але іх доля невялікая. Асноўную ролю адыгрывае акурат салідарнасьць».

Збор працягнецца да 1 чэрвеня.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG