Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беластоку сабралі грошы на ўтрыманьне магілаў беларускіх дзеячоў на 20 гадоў


 Адна зь беларускіх магіл у Беластоку
Адна зь беларускіх магіл у Беластоку

У Беластоку ўрачыста закрылі праект аховы магілаў беларускіх дзеячоў культуры і гісторыі.

Дзякуючы падтрыманьню неабыякавых беларусаў ініцыятыве ўдалося сабраць 2110 эўра, каб зьберагчы пахаваньні, паведамляе «Радыё Рацыя».

Грошы, каб зьберагчы пахаваньні беларускіх дзеячоў у Беластоку, пачалі зьбіраць таму, што ў Польшчы, каб захаваць за чалавекам месца на могілках, трэба плаціць за арэнду. Тэрмін арэнды магілаў скончыўся, і калі яе не працягнуць, помнікі могуць прыбраць і пахаваць у гэтым месцы іншых нябожчыкаў.

Дзякуючы збору ўдалося аплаціць утрыманьне магілаў на 20 гадоў, а таксама падрамантаваць магілы братоў Лявона і Сяргея Богушаў, якія былі актыўнымі ўдзельнікамі беларускага нацыянальнага руху. Таксама за сабраныя грошы актывісты плянуюць вырабіць і ўсталяваць на магілах таблічкі з QR-кодамі базы пахаваньняў беларускіх дзеячоў на Падляшшы.

«Добра, што ў гэтыя дні ўпарадкаваныя могілкі. Закрылі збор, аплацілі ўтрыманьне магілаў на 20 гадоў. Гэта вельмі добра. Нашая маленькая справа зробленая супольна», — дала камэнтар выданьню ўдзельніца праекту, прадстаўніца ТБМ у Беластоку Вольга Казановіч.

Падчас урачыстай імпрэзы спонсарам праекту ўручылі падарункі і плякаты ад фонду «Тутака» ў знак падзякі, пасьля чаго ўдзельнікі накіраваліся на экскурсію па Ўсіхсьвяцкіх могілках, каб асабіста ўбачыць вынікі працы і аддаць пашану памяці беларускіх дзеячоў.

На Падляшшы, усходнім рэгіёне Польшчы, які цягам гісторыі належаў да розных дзяржаваў, спрадвеку жывуць этнічныя беларусы. Яны звычайна вызнавалі праваслаўе. На праваслаўных могілках і пры цэрквах дагэтуль захаваліся надпісы кірыліцай на помніках і крыжах. У Беластоку пахаваныя з паўтара дзясятка беларускіх дзеячоў з Таварыства беларускай школы, Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, Беларускага камітэту, Беларускага грамадзка-культурнага таварыства. Свабода раней падрабязна расказвала пра гэтыя пахаваньні.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG