Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія вайскоўцы праводзілі праверкі на мяжы зь Беларусьсю


Мяжа Расеі і Беларусі. Архіўнае фота
Мяжа Расеі і Беларусі. Архіўнае фота

У мінулыя выходныя на мяжы Беларусі і Расеі ўтварыліся чэргі.

З прычыны кантролю, які праводзілі вайскоўцы, дазволу на праезд трэба было чакаць больш за дзьве гадзіны, паведаміў чытач выданьня «Люстэрка».

Як распавёў Андрэй (імя зьмененае), 27 красавіка ён на аўтамабілі ехаў зь Беларусі ў Расею. У пункце пропуску «Езярышча» ў Віцебскай вобласьці ён нечакана для сябе сутыкнуўся зь вялікай чаргой на мяжы.

«Было падобна, што пачаўся паўнавартасны кантроль. У выніку ў кілямэтровай чарзе я прастаяў 2,5 гадзіны. Кантроль ажыцьцяўлялі вайскоўцы», – расказаў Андрэй.

Журналіст «Люстэрка» пад выглядам звычайнага грамадзяніна патэлефанаваў на гарачую лінію Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, каб даведацца, у чым прычына зьяўленьня чэргаў.

«Гэта расейцы, а ня мы. Яны там упускаюць і выпускаюць, – паведаміў дзяжурны. – Беларускі Дзяржаўны памежны камітэт на пунктах пропуску з Расеяй не прысутнічае і не ажыцьцяўляе кантроль. Калі гэта адбываецца, то праверкі праводзяць толькі расейцы».

Інфармацыя пра ўзьнікненьне чэргаў у пункце пропуску «Езярышча» зьявілася таксама ў тэлеграм-чатах, прысьвечаных перасячэньню мяжы Беларусі і Расеі. Адны карыстальнікі паведамлялі, што чакалі праезду па некалькі гадзін. Іншыя тлумачылі гэта доўгімі выходнымі ў Беларусі і набліжэньнем летняга сэзону.

Фармальна на беларуска-расейскай мяжы няма кантролю, праезд у абодвух кірунках застаецца вольным.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG