У дачыненьні да праваабаронцы Леаніда Судаленкі, які пражывае за мяжой Беларусі, распачатыя тры новыя справы па ч. 2 ст. 3614 Крымінальнага кодэкса (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Як паведаміў Судаленка на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», справы адкрыты ўпраўленьнем Сьледчага камітэту па Гомельскай вобласьці.
Паводле яго слоў, 9 красавіка распачата спэцвытворчасьць за стварэньне і публікацыю 28 траўня мінулага года відэазапісу «Вясна прыйдзе» на ютуб-канале праваабарончага цэнтра «Вясна» (прызнаны ўладамі Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем»).
Яшчэ дзьве справы распачатыя 20 і 24 лютага 2025 году за ўдзел у перадачы «Палітбамонд» у 2023 і 2024 гадах на ютуб-канале мэдыярэсурсу 6tv.by (таксама ўключаны ў пералік «экстрэмісцкіх фарміраваньняў»).
Судаленка паведаміў, што за ўдзел у гэтай жа перадачы спэцвытворчасьць распачата ў дачыненьні да 74-гадовага выконваючага абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімір Шанцава.
Аб новым крымінальным перасьледзе Судаленка паведамлялася 27 сакавіка. Падрабязнасьці тады былі невядомыя.
Раней праваабаронца з «Вясны» Леанід Судаленка ад сваякоў даведаўся пра завядзеньне супраць яго крымінальнай справы па артыкуле 361 прым. 4 Крымінальнага кодэксу — «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
Гэта чарговая справа супраць Леаніда Судаленкі, заведзеная на яго завочна, у эміграцыі.
Праваабаронца ўжо адбыў у няволі 2 з паловай гады, вызваліўся з калёніі «Віцьба-3» улетку 2023 году і неўзабаве з’ехаў з Беларусі, дзе яму зноў пагражала зьняволеньне.
«Зьехаў за мяжу і мог замаўчаць, каб не было больш непрыемнасьцяў, але адразу сказаў сабе, што маўчаць ня буду. Таму мяне і перасьледуюць, бо не проста дзялюся сваімі заўвагамі і думкамі, а важна — з кім дзялюся. Прыкладам, вось як праваабаронца камэнтую становішча з правамі чалавека ў Беларусі для „Радыё Свабода“, а гэтае мэдыя там прызнанае „экстрэмісцкім“. За тое і помсьцяць», — казаў раней пра прычыны завядзеньня новай справы Леанід Судаленка.
Праваабаронца сьцьвярджае, што сілавікі парушаюць ягоныя правы, калі перасьледуюць зь Беларусі.
«Жыву ў Літве цалкам на законнай падставе і цяпер гэта справа літоўскага правасудзьдзя, каму я што камэнтую, як сябе паводжу. У літоўцаў да мяне прэтэнзіяў няма, а вось беларускія праваахоўнікі лічаць, што маюць права мяне перасьледаваць за дзейнасьць у Літве. Гэта цалкам незаконна»,— мяркуе Судаленка.
Папярэдняя завочная справа, заведзеная супраць Судаленкі па тым жа 361 артыкуле, закончылася для яго прысудам пра 5 гадоў зьняволеньня.
У лістападзе 2021 году Леаніда асудзілі на 3 гады зьняволеньня паводле ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак»). Ён цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю ў 2023 годзе.
Былы палітвязень эміграваў у Літву, аднак рэпрэсіі супраць яго не спынілі. У 2024 годзе праваабаронцу завочна асудзілі за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» на 5 гадоў калёніі.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».