Беларусь павінна быць не ваенным пляцдармам Расеі, а часткай стабільнага і бясьпечнага рэгіёну, заявіла дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская 29 красавіка ў Каралеўскім замку ў Варшаве, выступаючы на саміце Ініцыятывы трох мораў (Трыморʼя), паведаміла прэс-служба палітыка, піша «Позірк».
«Я выступаю за тое, каб Беларусь вярнулася ў эўрапейскую прастору — ня толькі палітычна, але і эканамічна, лягістычна, энэргетычна, — сказала яна. — Ініцыятыва Трыморʼя — гэта тая плятформа, дзе мы можам будаваць будучыя партнэрствы для свабоднай Беларусі».
Ціханоўская падкрэсьліла, што «ізаляцыя Беларусі, якую праводзіць рэжым» Аляксандра Лукашэнкі, супярэчыць інтарэсам народа і «адрывае краіну ад супрацоўніцтва» з суседнімі дзяржавамі.
Падчас саміту Ціханоўская правяла «шэраг кароткіх гутарак з лідэрамі краін — удзельніц» ініцыятывы. У прыватнасьці, адбыліся гутаркі з прэзыдэнтамі Альбаніі, Баўгарыі, Польшчы, Славаччыны, Чэхіі і Эстоніі, міністрам па эўрапейскіх справах Іспаніі, міністрам транспарту Турцыі, памочнікам сакратара ЗША па энэргетыцы.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас выступу на саміце сярод іншага заявіў, што Расея «нешта рыхтуе» ў Беларусі гэтым летам, выкарыстоўваючы ў якасьці падставы ваенныя вучэньні. Паводле яго слоў, «менавіта так звычайна пачынаюцца новыя атакі» Расеі.
«Але куды на гэты раз? Я не ведаю. Украіна? Літва? Польшча? Не дай бог! Але мы ўсе павінны быць гатовыя. Усе нашы інстытуты адкрыты да супрацоўніцтва», — цытуе палітыка агенцтва УНІАН.
Чальцамі Ініцыятывы трох мораў (Трыморʼе, Балта-Адрыята-Чарнаморская ініцыятыва) — рэгіянальнага форуму шматбаковага супрацоўніцтва — зьяўляюцца Аўстрыя, Баўгарыя, Вугоршчына, Грэцыя, Латвія, Літва, Польшча, Румынія, Славакія, Славенія, Харватыя, Чэхія і Эстонія; статус партнэра маюць Альбанія, Малдова, Чарнагорыя і Ўкраіна, стратэгічнага партнэра — Іспанія і Турцыя.
Прадстаўніца дэмакратычных сілаў Беларусі ўпершыню ўдзельнічала ў саміце гэтай ініцыятывы.
Форум