У канцы лютага 2024 года яго дэпартавалі ў Харватыю, дзе, па словах праваабаронцаў, уцекачы падвяргаюцца дыскрымінацыі, ціску сілавікоў, катаваньням і гвалту, а доля ўхваленых запытаў на прытулак у 2023 годзе складала 0,076%.
Гісторыю Яўгена расказвае мэдыяпраект «Север.Реалии».
«Нічога не вучылі, проста капалі ямы»
«Мне пашанцавала», — увесь час паўтарае Яўген карэспандэнту Север.Реалии». Усё пачалося ўвесну 2022 года. Малады масквіч, які са школы ўдзельнічаў у пратэстах Навальнага, разумеў, што з вопытам тэрміновай службы яму ў Расеі заставацца небясьпечна, і тут жа пайшоў афармляць замежны пашпарт. Але з ад’ездам зацягнуў.
«Пасьля першых навінаў аб тым, як людзей мабілізуюць у ваенкаматах, я зразумеў, што мне нельга туды ісьці. Дамовіўся з сябрам, што пажыву ў яго на лецішчы, паехаў сказаць пра гэта бацькам. Мяне разам з нейкім студэнтам схапіла паліцыя — пазналі па камэрах распазнаньня асоб. Потым я даведаўся, што мне прыйшла позва. Вечарам я ўжо ехаў на аўтобусе мабілізаваны. Мэдкамісіі не было, камэнданта, якому я хацеў паскардзіцца, таксама, хаця па законе ён павінен быў быць. Я напісаў рапарт на альтэрнатыўную грамадзянскую службу, але камандзір у адказ проста пасьмяяўся».
Паводле слоў Яўгена, у аўтобусе яны ехалі некалькі дзён, паколькі мабілізаваных без уніформы «хавалі» ад тагачаснага міністра абароны Сяргея Шайгу і мэра Масквы Сяргея Сабяніна, якія тады паказальна аглядалі вайсковыя часткі.
Мяне схапіла паліцыя — пазналі па камэрах распазнаньня
Тут нашаму суразмоўцу «пашанцавала» першы раз. Мабілізаваныя шмат разоў скардзіліся, што на фронт іх адпраўляюць амаль адразу, а Яўгена адвезьлі ў падмаскоўны парк «Патрыёт», дзе ён правёў амаль два месяцы.
«Хоць я нічога ў гэтым не разумеў, мне прысвоілі спэцыяльнасьць „сапёр“. Нас нічаму не вучылі, увесь гэты час мы проста капалі ямы. Усё скончылася, калі мабілізаваныя сталі лаяцца, я засьпеў гэты „бунт“, пасьля якога нас кудысьці павезьлі — мы да апошняга спадзяваліся, што ў Крым ці Беларусь, але ў выніку нас высадзілі ў лесе ў раёне Такмака ў Запарожжы», — распавядае Яўген.
Гэта было напрыканцы лістапада 2022 году. Роту падзялілі, яго ўзвод апынуўся ў глухой вёсцы Салодка-Балка, дзе не было ні сувязі, ні крамы.
«Мы ня ведалі, дзе браць ежу і ваду. Дзесьці ў лесе выкідвалі прыпасы для мотастралкоў, якія ўсё і забіралі. Там нешта вылучалася для нас, але пра гэта нас не папярэдзілі. Ня ведалі мы і канал рацыі, па якім паведамлялі пра прывоз вады — хадзілі кленчылі яе ў вёсцы. Яшчэ давалі грошы на бэнзін мясцоваму дзеду, каб вазіў нас за прадуктамі — прыходзілася пераапранацца ў цывільнае адзеньне, бо без распараджэньня ў горад не пускалі».
«Сытуацыя — сюр»
Па словах Яўгена, жыцьцё ў вёсцы была агулам спакойным — не лічачы трывог з-за прылёту ракет і паводзін камандзіра, які аднойчы, напіўшыся, да крыві зьбіў аднаго з вайскоўцаў. Праз тры месяцы Яўген замяніў салдата, які пайшоў у адпачынак, на запраўцы ў Малачанску.
Недзе побач катуюць людзей, з Малачанску вязуць дзяцей у Расею
«Мясцовых было на зьдзіўленьне шмат, ня толькі пажылых, але і школьнікаў. Кошты вар’яцкія, кнопкавы тэлефон у краме каштаваў 20 тысяч рублёў [расейскіх]. І ні ў каго няма працы. Калі праходзілі губэрнатарскія „выбары“ у акупаваным Запарожжы, нас паставілі ахоўваць школу, і мы назіралі, як дзяўчынка з 10-й клясы села ў машыну да вайскоўца з асэтынскай групы, зразумела навошта. Увогуле, усё было змрочна, я ведаў, што недзе побач катуюць людзей, ведаў, што з Малачанску вязуць дзяцей у Расею, то бок выкрадаюць, што ў катавальныя скляпы трапляюць і мясцовыя, і нашыя».
Яўген бачыў гэта на свае вочы, калі забіраў адтуль дваіх таварышаў па службе, якіх пасадзілі «на ператрымку» пасьля таго, як яны некалькі месяцаў былі ў атрадзе «Шторм Z». Разам з салдатамі ён заўважыў і цывільных.
«У расейскіх вайскоўцаў таксама не было ніякіх правоў, што хочуць, то з табой і робяць. Параненага могуць спакойна адправіць назад на штурм. Напрыклад, адзін вярнуўся з непрацоўнай нагой, яго адправілі на фронт назад, у бальніцы нават аскепкі не дасталі. Так і з малодшымі афіцэрамі абыходзіліся.
Генэралы загадалі адправіць узвод заміноўваць лес, ужо заняты УСУ
Напрыклад, у нашай роты быў камандзір. Генэралы, відаць, арыентуючыся па старых картах, загадалі адправіць узвод заміноўваць лес, ужо заняты УСУ. Камандзір сказаў начальству, што яны зварʼяцелі. Яму амаль 60 было, 2 месяцы да дэмабілізацыі, яго проста зьнялі, паставілі іншага камандзіра, і ўзвод туды ўсё ж адправілі. Ніхто не загінуў па чыстай выпадковасьці, толькі адзін чалавек пацярпеў, а васьмярых салдат, якія ісьці ўсё ж адмовіліся, разьмеркавалі ў атрад „Шторм Z“: сытуацыя — сюр».
Салдат мог за 500 тысяч [расейскіх] рублёў адкупіцца ад штурму, а афіцэр за 2 мільёны — атрымаць пасаду ў Маскве і зьехаць з фронту, сьцьвярджае Яўген. Паводле яго слоў, ваенная паліцыя займалася «альтэрнатыўным заробкам», прапаноўваючы ваенным пачак цыгарэт, якія сядзелі «на падвале», за 500 рублёў. А на забесьпячэньні вайскоўцаў камандаваньне, наадварот, эканоміла.
«У нашым палку была танкавая рота, у якой… не было танкаў. Ім потым перадалі танкі ад „Масфільму“, якія выкарыстоўваюцца для здымак. Нам таксама не хапала рыштунку, даводзілася купляць самім — напрыклад, мы купілі новы мэталашукальнік замест старога савецкага, які ледзь працаваў», — успамінае Яўген.
Мэталашукальнік гэты яму не спатрэбіўся: ён толькі запраўляў тэхніку, а на баявое заданьне яго з таварышамі па службе адпраўлялі толькі двойчы — зьнішчыць схованку з гранатамі і неразарваную БПЛА. Праз восем месяцаў тылавой руціны яму далі адпачынак.
«У мяне мама любіць Пуціна»
«Я з самага пачатку на вайну не хацеў і яшчэ да адпачынку зьвязаўся з праваабаронцамі з „Ідзіце лесам“, каб мне дапамаглі зьехаць з Расіі. Калі я вярнуўся дадому, у Маскву, мяне ўразіла, што людзі проста не заўважаюць вайну. Я правёў тыдзень з сябрамі і сваякамі і зьехаў. Было страшна, але я разумеў, ўто выбару няма, і я павінен рызыкаваць».
Ён без праблем даехаў да Менску на цягніку і вылецеў у Армэнію. Адтуль хацеў паляцець у Мэксыку і падаць на прытулак у ЗША, але ў Дубаі авіякампанія адмовіла яму ў перасадцы на рэйс і выслала яго назад у Армэнію. Грошы за квіток не вярнулі. Тым часам яго расейскія рахункі заблякавалі — бацькі паведамілі ў паліцыю, што ён зьбег.
«У мяне мама любіць Пуціна, яна прымусіла бацьку пайсьці ў паліцыю і паведаміць, што я зьнік. Я даведаўся пра гэта ад сяброў. Я думаю, мама паступіла так на эмоцыях, у яе сыстэме каштоўнасьцяў гэта прымальна. Але, можа, яно і да лепшага — да іх аднойчы прыходзілі ваенныя і пасьля гэтай гісторыі адсталі».
Мяне ўразіла, што людзі проста не заўважаюць вайну
З Армэніі Яўген пераехаў у Грузію, а адтуль у Эўропу: перасек басьнійска-харвацкую мяжу і падаў на прытулак. У кастрычніку 2024 году ён паехаў у Францыю, чые ўлады заяўлялі, што гатовыя прымаць дэзэртыраў. Там ён зноў падаў запыт на прытулак і чакаў чатыры месяцы, пакуль не атрымаў адмову паводле Дублінскага пратаколу, згодна зь якім чалавека, які легальна трапіў у Эўразьвяз праз адну краіну, але запытаў прытулак у іншай, могуць дэпартаваць назад у краіну перасячэньня мяжы ЭЗ.
Турма замест прытулку
У Эўропе Яўгену дапамагае праваабарончая крызісная група InTransit, яна спрабавала абараніць яго ад дэпартацыі з Францыі.
«У заканадаўстве ЭЗ аб наданьні палітычнага прытулку чорным па беламу напісана, што дэзэрцір з арміі краіны, якая вядзе агрэсіўную вайну, мае права на абарону, асабліва калі ёсьць рызыка, што яго могуць прымусіць зьдзяйсьняць ваенныя злачынствы. Але дабрацца да краіны ЭЗ, якая б сапраўды разгледзела заяўку, катастрафічна складана. Харватыя — адзіная краіна, адкуль можна трапіць у Эўразьвяз бяз візы», — тлумачыць Валерыя, каардынатарка InTransit.
Дэзэрцір з арміі краіны, якая вядзе агрэсіўную вайну, мае права на абарону
Паводле яе слоў, у Харватыі часта апрацоўваюць толькі першасную заяўку на прытулак і дазваляюць людзям ехаць у іншыя эўрапейскія краіны.
«Статыстыка адабрэньняў апублікаваная, па ёй відаць, што за 2023 год з 8507 грамадзян Расеі, якія падалі на прытулак у Харватыі, толькі 23 чалавекі атрымалі станоўчае рашэньне. Гэта беспрэцэдэнтна нізкі паказчык — у іншых краінах ЭЗ звычайна 30-40% адабрэньняў. 68114 чалавек, а станоўчых рашэньняў было 52. Значыць, Харватыя проста ня хоча прымаць уцекачоў, і гэта, вядома, супярэчыць заканадаўству ЭЗ», — перакананая Валерыя.
А калі ўцякач аказваецца ў іншых эўрапейскіх краінах, у сілу ўступае Дублінскае пагадненьне, па якім яго могуць дэпартаваць туды, адкуль ён заехаў. У выпадку Яўгена гэта Харватыя, кола замыкаецца.
«Напрыклад, чалавек падаецца на прытулак у Францыі, яе міграцыйныя службы пішуць запыт у краіну, праз якую ён заехаў: „Вы гатовыя ўзяць яго?“. Яна можа адказаць „так“, „не“ ці нічога не адказаць. У двух апошніх выпадках чалавек застаецца. Але па нейкай прычыне Харватыя заўсёды адказвае „так“, нягледзячы на відавочнае нежаданьне даваць людзям абарону, — працягвае Валерыя. — Аднак адмова краіны, праз якую чалавек трапіў у ЭЗ, — не адзіны спосаб пазьбегнуць дэпартацыі. Ёсьць краіны, куды не адпраўляюць у прынцыпе, калі вядома, што там дрэнныя ўмовы ўтрыманьня і правы ўцекачоў парушаюць. Нямецкія і францускія юрысты у апэляцыйных дакумэнтах на некалькіх старонках апавядаюць пра парушэньні ў Харватыі і папярэджваюць, каб туды не адпраўлялі паводле Дублінскага пагадненьня. Але, на жаль, гэта не працуе, і туды адпраўляюць заўсёды».
Пасьля вяртаньня ў Харватыю ўцекачы застаюцца сам-насам з харвацкім міграцыйным ведамствам, якое, па словах валянтэраў «Ідзіце лесам», усяляк спрабуе ад іх пазбавіцца.
«Кейсы дэзэрціраў папросту не разглядаюць — па іх няма ніводнай ухвалы на дадзены момант. І наогул шукаюць любыя спосабы не даць чалавеку прытулак. Адмаўляюць нават людзям з крымінальнай справамі за палітычную дзейнасьць, прызнаным „Мэмарыялам“ палітвязьнямі», — сьцьвярджаюць у арганізацыі.
Але горш за ўсё дэзэрцірам. Па словах Валерыі, валянтэрам удалося знайсьці трох сьведкаў, адзін зь якіх, дэпартаваны па Дублінскім пагадненьні, застаўся ў Харватыі і вырашыў змагацца за прытулак.
«Ён пайшоў на інтэрвію, яго заяўку прынялі. Але на наступны дзень прыйшлі прадстаўнікі SOA (Службы бясьпекі Харватыі) і на трохгадзінным допыце паведамілі, што ў прынцыпе ня хочуць прымаць расейскіх дэзэрціраў, якія нібыта ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы. А далей, як звычайна, сталі шукаць, да чаго прыдрацца, сказалі, што дэзэрцір не можа пакінуць тэрыторыю РФ, а калі пакінуў, то ён альбо можа вярнуцца, альбо ён агент. Гэта абсурд — вядома, што „Ідзіце лесам“ рэгулярна вывозіць дэзэрціраў, ды і самі яны выяжджаюць. Яму сказалі: „Альбо мы цябе зараз адправім у закрытую міграцыйную турму ў Ежава, альбо ты падпісваеш адмову ад палітычнага прытулку“, — што ён у выніку і зрабіў».
Адмова гарантуе чалавеку праблемы з міграцыйнымі службамі іншых краін
Калі просьбіта прытулку накіроўваюць у турму ў Ежава (Ježevo) і ўжо там змушаюць падпісаць такую адмову, то за гэтым ідзе дэпартацыя з Харватыі і забарона на ўезд у Эўрапейскі Зьвяз ад трох да пяці гадоў. Акрамя таго, такая адмова гарантуе чалавеку праблемы з міграцыйнымі службамі іншых краін — яму ўжо не атрымаць палітычны прытулак і ў іншых краінах па-за ЭЗ, што ставіць яго ва ўразьлівае становішча і павялічвае рызыку трансгранічнага перасьледу з боку расейскіх сілавікоў.
«Другі сьведка паведаміў валянтэрам, што калі ён прыехаў у Харватыю і падаў на палітычны прытулак, паліцыянты сказалі, каб ён лепш ехаў у іншыя краіны, а тут яму адмовяць як дэзэрціру, адправяць у турму і дэпартуюць. Сапраўды, нам вядома пра трэці, нядаўні выпадак, калі адразу пасьля падачы заяўкі на прытулак у Харватыі дэзэрціра адправілі ў турму Ежава і дэпартавалі», — кажа Валерыя.
Харвацкія сілавікі вядомыя сваім ціскам на тых, хто спрабуе перайсьці мяжу нелегальна. Паводле расьсьледаваньня праваабарончай групы No Name Kitchen, памежнікі на басьнійскім участку мяжы сыстэматычна чыняць гвалт у дачыненьні да ўцекачоў: зафіксаваныя выпадкі зьбіцьця непаўналетніх, згвалтаваньняў і рабаваньня; ва ўцекачоў адбіраюць і спальваюць адзеньне, дакумэнты і тэлефоны. Пасьля гэтага харвацкія сілавікі, як правіла, выкарыстоўваюць агнястрэльную зброю і палкі, каб выгнаць сваіх ахвяр назад у басьнійскія горы бяз сродкаў да выжываньня і арыентаваньні на перасечанай мясцовасьці.
«Я нібыта тэрарыст, а Харватыя не дае прытулак тэрарыстам»
Уладзіслаў Арынічаў, электраманцёр з Масквы, зьехаў з Расеі ў сакавіку 2022 года, калі з-за антываеннай пазыцыі сутыкнуўся з ціскам сілавікоў.
«Актывізмам я займаўся з 2017 году, і вайна з Украінай стала апошняй кропкай у маіх адносінах з дзяржавай. Восьмага сакавіка мяне затрымалі на акцыі на Краснай плошчы і прысудзілі штраф за дыскрэдытацыю УС РФ. На наступны дзень мяне з працы забраў 1-ы аддзел ФСБ, пасадзіў у КПЗ на двое сутак, пасьля быў суд, дзе выявілася, што я нібыта размахваў рукамі ў нейкай пракуратуры ў папярэднюю суботу, то бок у выходны дзень. Мне далі 10 сутак арышту. Перад гэтым ФСБ адвезла мяне ў пракуратуру, дзе на мяне завялі справу за заклікі да санкцый супраць Расеі — я стаў першым асуджаным па гэтай справе», — распавядае Ўладзіслаў.
Яму ўдалося зьехаць у Грузію, дабрацца да Харватыі і падацца там на прытулак. Паводле яго слоў, ён дапамагаў іншым і за паўгода стаў адным з лідэраў мясцовай супольнасьці актывістаў-уцекачоў. Летам 2023 года лягер, дзе жыў Уладзіслаў, быў перапоўнены — замест 600 чалавек у ім разьмясьцілі каля 900.
«Людзі спалі на падлозе на матрацах і на траве на вуліцах, адзіны лекар працаваў гадзіну ў дзень. Нас двойчы закрывалі на карантын з-за антысанітарыі і падазрэньняў на афрыканскую чуму, людзі хадзілі з адкрытымі ранамі. Таму я ўзяў тэлефон, прайшоўся па ўсіх паверхах, зьняў гэта на відэа, выклаў на ютубе і раскідаў па харвацкіх газэтах.
За гэта ўлады затрымалі мяне і закрылі на дзень, пасьля выклікалі і абвінавацілі ў тым, што я паказаў твары ўцекачоў, тады я іх замазаў і перазаліў відэа. Але затое прыйшла праверка ўпаўнаважанага па правах чалавека ў Харватыі, і адразу ж вырашыліся праблемы, якія не вырашаліся паўгода».
У лістападзе 2023 года Арынічава выклікалі на інтэрвію па прытулку. Да гэтага часу ў Расеі яго ўжо ўнесьлі ў сьпіс тэрарыстаў і экстрэмістаў і завочна арыштавалі па артыкуле аб апраўданьні тэрарызму.
«На інтэрвію мяне зноў спыталі, чаму я здымаў лягер, чаму я „тэрарыст“. У выніку, не выдаючы дакумэнтаў, мне сказалі, што мне адмоўлена ў прытулку, і што я зьяўляюся пагрозай нацыянальнай бясьпецы Харватыі. Рашэньне мне абяцалі выдаць пазьней», — узгадвае Ўладзіслаў.
З-за стрэсу ён прахварэў увесь сьнежань, а ў студзені прыйшоў у сябе і вырашыў змагацца. Тады ж ён зразумеў, што адбываецца ў Харватыі з тымі, каго прызнаюць «пагрозай нацбясьпекі».
«Я даведаўся пра справу Руслана Аббасава, пра чачэнцаў, якіх пасадзілі ў Ежава. Калі ў лютым забілі Навальнага, мне стала неяк пофіг на SOA і іх пагрозы. Я адправіў ім адкрыты ліст, запісаў ролік — што такое палітычны прытулак, стаў зноў валянтэрыць і дапамагаць іншым. У лягеры я пазнаёміўся зь сям’ёй Ахмеда Таканаева: яго жонка бачыла мае ролікі і папрасіла аб дапамозе — яе муж ужо сем месяцаў сядзеў у дэпартацыйным лягеры. Я зразумеў, што і чачэнцаў, і Аббасава, і Таканаева абвінавачваюць у цяжкіх злачынствах і закрываюць у гэтыя лягеры без доступу да дапамогі, адвакатаў, выбіваюць паказаньні, вымушаюць падпісаць адмову ад прытулку, а пасьля дэпартуюць. Я зразумеў, што буду наступным, таму вырашыў іх падтрымаць», — тлумачыць Уладзіслаў.
Ён зьвязаў жонку Таканаева з праваабаронцамі і СМІ. 4 ліпеня 2024 года падчас суда над Ахмедам, Уладзіслаў выйшаў на галоўную плошчу Заграба з пікетам у яго падтрымку — і яго арыштавалі.
«Мяне абвінавацілі ў абразе дзяржоргана — на маёй футболцы было напісана „Fuck SOA“. Спачатку мяне пасадзілі на два тыдні ў турму, куды прынесьлі адмову ў прытулку, хоць мой кейс быў моцным. Напісалі, што я „ствараў умовы для атрыманьня прытулку, прыкідваючыся прыхільнікам Навальнага“, што „не паважаю харвацкія і эўрапейскія законы і здымаў лягер“ — хаця такога закону няма, і абвінавачваньняў супраць мяне не было, а таксама таму што я нібыта тэрарыст, а Харватыя не дае прытулак тэрарыстам».
«Я вырашыў судзіцца»
У турме Арынічаў пазнаёміўся з Таканаевым — яго адпусьцілі пасьля суду, але затым арыштавалі на бязьлюднай дарозе і абвінавацілі ў абразе паліцыі (Ахмед не ведаў харвацкай).
«Яго адправілі ў Ежава. Мяне ж прывезьлі ў паліцыю і сказалі, што ў Заграбе я ўжо ўсіх дастаў і што мяне адпраўляюць на тры месяцы ў іншы канец Харватыі ў Трыль — у міграцыйную турму. Я абвясьціў галадоўку, пасьля якой мяне шпіталізавалі. Тады мяне падтрымалі праваабаронцы і спэцыяльны рэпарцёр эўрапейскай камісіі. Я вырашыў судзіцца. Першы суд прайграў, але ўжо зараз выйграў у вышэйшым апэляцыйным судзе Харватыі. Рашэньне пра пасадку ў турму ў Трылі на тры месяцы адмянілі, і зараз мы з маім адвакатам змагаемся за кампэнсацыю», — працягвае Ўладзіслаў.
Адначасова ён судзіцца па справах аб абразе дзяржоргана і па прытулку. Ён ня хоча зьяжджаць, бо лічыць, што калі яму выдадуць адмову ў краіне ЭЗ з-за абвінавачаньняў у тэрарызьме з боку расейскіх уладаў, то гэта моцна ўскладніць і яго ўласную сытуацыю, і створыць кепскі прэцэдэнт для іншых просьбітаў прытулку. Паводле яго слоў, турмы для ўцекачоў у Трыле і Ежава — аднолькавыя, і ўлады Харватыі выкарыстоўваюць іх для сыстэматычнага ціску на просьбітаў абароны.
«Больш за ўсё з-за расізму пакутуюць чачэнцы, дагестанцы і людзі з іншых краін, напрыклад сірыйскія дэзэрціры, іх звычайна беспадстаўна абвінавачваюць у радыкальным ісламізьме. І расейскім дэзэрцірам, і людзям, якія атрымалі позвы, кажуць, што мабілізацыя ў Расеі скончылася ці, калі яны маладыя, што 20-гадовых не мабілізуюць. Гэтых людзей часта закрываюць у Трылі ці Ежава і патрабуюць адмовіцца ад запыту на прытулак. Месяцамі ня выпускаюць на сьвежае паветра, кормяць гарачай ежай толькі раз на дзень, людзі часта хварэюць, дактароў няма, адвакатаў і праверку не пускаюць. Я сам прайшоў праў гэта», — распавядае Аранічаў.
Харвацкая сыстэма ўяўляе сабой своеасаблівае «сіта», лічыць ён: частку людзей не пускаюць на мяжы, а тых, хто ўсё ж прайшоў, стымулююць ехаць па прытулак у іншыя краіны.
«Большасьці выдаюць адмову, а каб яе аспрэчыць, трэба судзіцца і змагацца гадамі. Многія не гатовыя да гэтага і едуць далей у ЭЗ, тут застаецца толькі малая частка. І на іх ужо цісьне SОА, якая па мясцовых законах мае права пісаць што заўгодна ў сваіх „сакрэтных файлах“, да якіх маюць доступ толькі яны самі і суд», — тлумачыць Арынічаў.
Чакаць ці бегчы
Дэзэрціру Яўгену дапамагаюць зараз эўрапейскія праваабаронцы і InTransit, але не выключана, што і яму давядзецца мець справу з SОА.
«Як толькі прыйдзе дазвол на працу, я буду зьбіраць „падушку бясьпекі“ на выпадак, калі давядзецца змагацца, і харвацкую мову я ўжо вучу. У мяне моцны кейс, мне дапамагаюць праваабаронцы, і я не бачу прычын для адмовы. Я гатовы ваяваць з бюракратыяй», — кажа ён.
Валерыя з InTransit лічыць, што барацьба за лёс расейскіх дэзэрціраў вельмі важная ў кантэксьце вайны, бо кожны раз, калі яны дамагаюцца прытулку, салдаты на фронце бачаць, што ў іх ёсьць бясьпечны калідор для ўцёкаў. Гэта пацьвярджаюць і праваабаронцы з «Ідзіце лесам».
«Мы заўважылі ўсплёск зваротаў пасьля публікацыі гісторыі „Бывай, Зброя“ — пра шасьцярых дэзэрціраў, якія зьехалі ў Францыю. Безумоўна, гэта ўплывае. Мы таксама маем статыстыку: у нас амаль шэсьць тысяч зваротаў з нагоды дэзэрцірства, але гэта толькі звароты — нехта зьнік, нехта не наважыўся, хаця каля 800 чалавек мы вывезьлі з краіны [Расеі], а больш за тысячу засталіся ў Расеі і хаваюцца», — кажа праваабаронца Дар’я з «Ідзіце лесам».
Паводле яе дадзеных, колькасьць зваротаў расьце з кожным месяцам. У пераважнай большасьці ў тых ваенных, хто зьвяртаецца па дапамогу, няма замежных пашпартоў, што сурʼёзна звужае іх магчымасьць зьехаць. Таму многія аказваюцца ў Кыргызстане, Казахстане, Беларусі і Армэніі. Найбольш бясьпечная Армэнія, лічаць у «Ідзіце лесам», зараз там знаходзіцца каля 200 чалавек.
«З-за чутак і перамоваў паміж Пуціным і Трампам людзі разьлічваюць, што зараз усё скончыцца. Таму многія зараз не гатовыя бегчы, — працягвае Дарʼя. — Мы ня можам за іх вырашаць, проста распавядаем пра плюсы і мінусы такога рашэньня: пакуль хтосьці чакае, яго могуць адправіць на штурм ці западозрыць у намеры дэзэртаваць, а гэта небясьпечная сытуацыя. Але часьцей за ўсё людзі выбіраюць чакаць, каб паглядзець, што будзе далей».
Па словах прадстаўніцы харвацкай праваабарончай арганізацыі «Цэнтар вывучэньня сьвету» (Centar for Peace stadies) Сары Кекуш, харвацкія і эўрапейскія праваабаронцы даўно ўстрывожаныя сыстэматычным парушэньнем правоў чалавека ў дачыненьні да мігрантаў і ўцекачоў на зьнешніх межах ЭЗ, уключаючы Харватыю: высылкай без працэдур, канфіскацыяй маёмасьці і фізычным гвалтам.
«На жаль, міграцыйная палітыка Эўразьвяза ўсё далей адыходзіць ад базавых праваабарончых стандартаў і каштоўнасьцяў», — кажа Сара Кекуш, чыя арганізацыя цесна супрацоўнічае з No Name Kitchen і ўсімі, хто дакумэнтуе гвалтоўныя практыкі харвацкіх сілавікоў.
«Памежнікі ўжо даўно адбіраюць і зьнішчаюць рэчы і дакумэнты мігрантаў. Доказы сабраныя ў дакладзе NNK Burned Borders. Харвацкія ўлады, як заўсёды, усё адкінулі і паспрабавалі дыскрэдытаваць аўтараў дакладу і журналістаў. Мы выступілі з публічным адказам, паказаўшы на дэзынфармацыю і маніпуляцыі».
Людзей часта беспадстаўна абвінавачваюць у пагрозе нацбясьпецы і прымушаюць адмовіцца ад прашэньня аб абароне
Па словах Кекуш, людзей часта беспадстаўна абвінавачваюць у пагрозе нацыянальнай бясьпецы і прымушаюць адмовіцца ад прашэньня аб абароне, не падаючы ніякіх доказаў і тлумачэньняў. У якасьці прыкладу яна прыводзіць справу F.S. супраць Харватыі і выпадак Уладзіслава Арынічава, абвінавачанага ў пагрозе нацбясьпекі на падставе неправеранай інфармацыі.
«Ён правёў тры месяцы ў зьняволеньні, яму адмовілі ў прытулку, нягледзячы на прызнаную рызыку перасьледу пры вяртаньні ў Расею. Пазьней Вышэйшы адміністрацыйны суд прызнаў яго затрыманьне незаконным. Падобныя выпадкі паказваюць, як улады злоўжываюць рыторыкай „нацбясьпекі“, каб абмежаваць правы мігрантаў і ліквідаваць іншадумства. Гэта турбуе ня толькі ЭСПЧ, але і спэцдакладчыкаў ААН, і грамадзянскую супольнасьць. Ці будзе харвацкі ўрад рэагаваць на гэта сурʼёзна, пакуль незразумела, але толькі пастаянны ціск з боку міжнародных інстытутаў і праваабарончых арганізацый здольны прывесьці да рэальных зьменаў», — лічыць праваабаронца Сара Кекуш.
На яе думку, з уступленьнем у сілу новага Пакта аб міграцыі і прытулку краіны, якія знаходзяцца на зьнешніх межах ЭЗ, возьмуць на сябе яшчэ большую нагрузку ў рамках агульнай міграцыйнай сыстэмы, што можа прывесьці да росту колькасьці вернутых асоб і зьяўленьня новых крызісных пунктаў.
Форум