Фільм «Цень радасьці» днямі адначасова паказалі ў Варшаве, Вільні і Хэльсынкі ў рамках фэстывалю «NoFilter Kino», дзе дэманстравалі калекцыю беларускіх кароткамэтражных фільмаў. 30 красавіка стужка зьявілася ў YouTube.
Бел-чырвона-белы сьцяг на школе
Герой фільму — 36-гадовы беларус Артур Жвірыдоўскі. Да 2021 году ён жыў у Астраўцы, працаваў на воднай ратавальнай станцыі.
13 кастрычніка 2021 году Жвірыдоўскага асудзілі на 3 гады пазбаўленьня волі. Абвінавацілі ў тым, што ён нібыта ўначы ў чэрвені 2021 году вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на адной са школ Астраўца, а таксама намаляваў на камені тры паласы — белую, чырвоную і белую. І ў дадатак — сарваў чырвона-зялёны сьцяг зь дзяржаўнай установы.
Паводле праваабаронцаў, спачатку Жвірыдоўскага зьмясьцілі ў горадзенскую турму № 1. Суд праходзіў у закрытым рэжыме ў Астравецкім РУУС. Пакараньне Артур Жвірыдкоўскі адбываў у бабруйскай папраўчай калёніі № 2. Амаль палову тэрміну ён правёў у памяшканьні камэрнага тыпу і штрафным ізалятары.
Артур выйшаў на волю 16 траўня 2024 году. Вымушаны быў эміграваць у Польшчу. Цяпер ён уладкаваўся ў Варшаве, у яго нібыта ўсё паступова складаецца: падаў заяву на міжнародную абарону, знайшоў жытло, уладкаваўся на сталую працу — займаецца шліфаваньнем бэтонных падлогаў. А пасьля таго як зьняўся ў дакумэнтальным фільме і атрымаў досьвед працы перад відэакамэрай, часьцяком падпрацоўвае статыстам ці здымаецца ў масоўках у мастацкіх фільмах і сэрыялах. Нібыта жыцьцё наладжваецца. Але асаблівай радасьці ў яго няма, кажа рэжысэр фільму Зьміцер.
«Мы, эмігранты, не жывем напоўніцу»
Назоў фільму — цытата з выказваньня галоўнага героя Артура. Кульмінацыйны момант стужкі — дзе герой рэфлексуе, кажа пра свае адчуваньні. Калі Артур наведвае ў Польшчы канцэрт беларускіх музыкаў, яму задаюць пытаньне, ці адчувае ён цяпер радасьць. Артур адказаў так:
«Я не магу сказаць, што я тут магу цалкам адчуваць гэтую радасць, таму што я прывязаны да сваіх родных і блізкіх, якія знаходзяцца ўдалечыні ад мяне. Быццам бы ня так далёка — але ўсё ж такі гэта практычна недасягальна, і мне няма з кім падзяліцца гэтай радасцю. Таму гэта ўсяго толькі цень радасьці», — разважае герой фільму.
Рэжысэр стужкі Зьміцер Брэсцкі (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) таксама мае досьвед эміграцыі, ён ужо 4 гады жыве ў Польшчы, таму Артурава гісторыя для яго таксама стала блізкай.
«Я вельмі добра разумею, чаму Артур так адказаў. Пасьля турмы, знаходзячыся на свабодзе ў нармальнай цывілізаванай краіне, ён адчувае ня радасьць, а толькі цень радасьці. Бо мы, эмігранты, усё адно не жывем тут напоўніцу», — сьцьвярджае Брэсцкі.
Зьміцер узгадвае, як таксама адчуваў моцны стрэс, калі выехаў зь Беларусі. Шукаў працу, магчымасьць легалізавацца. Разумеў, што трэба сацыялізавацца, вучыць мову, камунікаваць з палякамі — яму самому было няпроста.
«Але што да Артура, яму ў шмат разоў цяжэй — ён амаль 3 гады прабыў за кратамі. І наша галоўная мэта — прыцягнуць увагу ня проста да эмігрантаў, а да палітвязьняў. Зараз больш за дзьве тысячы беларусаў выйшлі з турмаў, многія выехалі з краіны. Для людзей гэта падвойны стрэс: траўма пасьля турмы і траўма эміграцыі», — тлумачыць рэжысэр фільму Зьміцер Брэсцкі.
Рэжысэр перакананы, што яму вельмі пашанцавала з героем, якога знайшла праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук. Артур аказаўся вельмі камунікабэльным, адкрытым, шчырым.
«Перад камэрай ён пачуваўся надзвычай вольна, упэўнена. У нас не было штучных пастановак, была толькі дакумэнтальная праца.
Быў прыкладны сьпіс сытуацыяў. Мы здымалі, як Артур займаецца спортам, як пераяжджае на новую кватэру, ходзіць у „сэканд-хэнд“, на беларускі фэст. І ён так увайшоў у ролю, што цяпер падпрацоўвае як статыст на здымках мастацкіх фільмаў і сэрыялаў.
Здымкі былі ў верасьні й кастрычніку 2024 году, мы сустрэліся яшчэ у студзені на новай кватэры Артура, пару разоў у парку, запыталіся, што новага ў яго, ці стала яму лягчэй сацыялізавацца», — падзяліўся рэжысэр сакрэтамі «творчай кухні».
Унутраная дэпрэсія
Падчас прэм’еры фільму ў Варшаве Артур Жвірыдоўскі шчыра прызнаўся: яму здавалася, што працэс інтэграцыі ў новае грамадзтва адбудзецца хутчэй і прасьцей, ён вельмі стараўся, працаваў і з псыхолягам. Аднак і пасьля 11 месяцаў выхаду з турмы ў яго усё адно «захоўваецца пачуцьцё параноі, хай яно і фаніць дзесьці там на заднім плане, але яно ёсьць, яно не праходзіць».
Быццам бы Артур вядзе актыўны лад жыцця, ніколі не апускае рукі, але нейкая такая ўнутраная дэпрэсія прысутнічае, і яна яшчэ не адышла.
«Збольшага я ўпэўнены, што яна зьвязаная з тым, што я ўдалечыні ад сваёй радні — браты, сёстры, мама, сын… Таму думаю, што гэта ўсё накладае адбітак на маю сацыялізацыю і інтэграцыю», — прызнаецца герой фільму «Ў цені радасьці».
Рэжысэр падзякаваў праваабарончаму цэнтру «Вясна» за тое, што праваабаронцы ўздымаюць такія важныя праблемы, як рэсацыялізацыя былых вязьняў. І падзяліўся ўласным досьведам эміграцыі.
«Не было нэгатыўнага стаўленьня палякаў да мяне. Мне здаецца, яны даволі блізкія да нас. Плюс тут шмат беларусаў. Галоўнае — не замыкацца ў сабе. Намагацца быць адкрытымі, вучыць мову, камунікаваць. Працу тут можна знайсьці. Няма безвыходных сытуацыяў. Трэба прыняць факт эміграцыі. Ня ставіць жыцьцё на паўзу. І не замыкацца ў нэгатыўных навінах. Трэба жыць тут і цяпер», — падсумоўвае рэжысэр фільму «Цень радасьці» Зьміцер Брэсцкі.
Форум