Новы факультатыў «Асновы кіраваньня квадракоптарам» зьявіцца ў школах Беларусі з новага навучальнага году, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.
Паводле Мінадукацыі, збольшага заняткі будуць прысьвечаныя «працы на віртуальным сымулятары і практыкаваньнях па кіраваньні квадракоптарамі». У выніку заняткаў школьнікі маюць атрымаць комплекснае ўяўленьне аб асновах аэрадынамікі, мэханікі і электронікі, вывучыць працэс праграмаваньня бесьпілётнікаў.
«Чакаецца, што новы факультатыў будзе садзейнічаць папулярызацыі інжынэрных прафэсіяў і прыцягненьню школьнікаў да тэхнічнай творчасьці», — распавялі ў Міністэрстве.
- У верасьні 2023 году, праз паўгода пасьля атакі дронам расейскага вайсковага самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах 26 лютага 2023 году, Аляксандар Лукашэнка сваім указам забараніў увоз, выраб і выкарыстаньне дронаў у Беларусі для грамадзян. Цяпер імі могуць карыстацца толькі юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі. Калі ІП ці юрыдычная асоба хоча завезьці дрон на тэрыторыю Беларусі, неабходна атрымаць дазвол у дэпартамэнце авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў. Фізычным асобам улады далі 6 месяцаў, каб «рэалізаваць» (прадаць) свае дроны ІП ці юрыдычным асобам ці перадаць дзяржаве на захоўваньне.
- Цяпер улады Беларусі маюць намер крыміналізаваць несанкцыянаванае выкарыстаньне бесьпілётнікаў. Такая норма ўтрымліваецца ў законапраекце «Аб зьмене кодэксаў у пытаньнях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці», падрыхтаваным урадам і апублікаваным на партале pravo.by. Згодна з праектам закону, за ўвоз, захоўваньне, абарот, эксплюатацыю і выраб грамадзянскіх бесьпілётнікаў і авіямадэляў у парушэньне заканадаўства, на працягу году пасьля адміністрацыйнага спагнаньня за такія ж парушэньні, пагражае пакараньне ад штрафу і грамадзкіх работ да 2 гадоў пазбаўленьня волі.
- 30 сьнежня 2024 году начальнік упраўленьня выкарыстаньня і разьвіцьця бесьпілётных авіяцыйных комплексаў Узброеных сілаў Міхаіл Бранскі анансаваў стварэньне спэцыялізаваных клясаў рыхтаваньня апэратараў БПЛА на вайсковых факультэтах і катэдрах усіх вышэйшых навучальных установаў Беларусі. Міністэрства абароны Беларусі рэгулярна паведамляе пра вучэньні з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў.
- 23 красавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які спрашчае парадак увозу ў Беларусь БПЛА і авіямадэляў «у інтарэсах сілавых, праваахоўных і іншых арганізацыяў». Акрамя таго, дзеля ўзмацненьня кантролю за абарачэньнем дронаў уводзяць абавязак для юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў «узгадняць продаж БПЛА да яго ажыцьцяўленьня».
Форум