У сьвяткаваньні 9 траўня ў мэмарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасьць-герой» ёсьць адна спэцыфічная, але неад’емная дэталь. Каля Вечнага агню нерухома стаяць два хлопцы і дзьве дзяўчыны ў вайсковай форме. Гэта «пост нумар адзін», ганаровая вахта памяці, якую нясуць навучэнцы гарадзкіх школаў і ўстановаў сярэдняй адукацыі.
Дзяцей у крэпасьці можна знайсьці амаль заўсёды — узімку, увесну і ўвосень, у сьвяты, выходныя і працоўныя дні. Для звычайнага чалавека гэта можа выглядаць як яшчэ адна турыстычная атракцыя, але за вахтай памяці хаваюцца дзесяцігодзьдзі традыцыяў, месяцы рыхтаваньня і ідэалягічнай апрацоўкі падлеткаў.
Свабода расказвае пра мэмарыяльныя атрады, адну з даўніх савецкіх мілітарысцкіх традыцыяў, — дзе яе захоўваюць і як яна выглядае знутры.
Мілітарызацыя ў школах: што адбываецца зараз
У школах Беларусі вучняў нібыта актыўна рыхтуюць да ўдзелу ў вайне — абстрактнай. Дзеці з малодшых клясаў вучацца шыхтавой падрыхтоўцы, знаёмяцца з аўтаматам Калашнікава — як яго разабраць і сабраць. Напрыклад, у Гомельскай вобласьці праводзілі «вайскова-патрыятычны маратон», дзе дзеці бегалі і маршавалі ў вайсковай форме. Такія захады і флэшмобы адбываюцца ўва ўсёй краіне ўжо ня першы год.
Часта школьнікаў водзяць на экскурсіі ў вайсковыя часткі або падразьдзяленьні МУС, дзе ім паказваюць зброю, баявую тэхніку, расказваюць аб працы спэцназу. Пры школах таксама ствараюць вайсковыя клюбы і гурткі «Юнарміі», дзе вучаць шыхтавой падрыхтоўцы і рыхтуюць да ўдзелу ў дзяржаўных мерапрыемствах.
Праваабаронцы і псыхолягі папярэджваюць: усё гэта парушае правы дзяцей і фактычна ператварае школы ў інструмэнт ідэалягічнай апрацоўкі, каб выхаваць паслухмяных і мілітарызаваных грамадзян ужо з самага дзяцінства.
Мэмарыяльныя атрады — што гэта і адкуль
Мэмарыяльныя атрады і ганаровыя варты — значна даўнейшая савецкая практыка, празь якую прайшлі тысячы чалавек. Першая школьная ганаровая варта зьявілася ў расейскім Валгаградзе ў 1965 годзе. У Беларусі вахта памяці пачалася ў 1972 годзе ў Берасьці — на рашэньне гарвыканкаму і камсамолу там заснавалі «пост № 1». Школы і ўстановы сярэдняй адукацыі Берасьця ўзялі на сябе адказнасьць за рыхтаваньне юнацкіх мэмарыяльных атрадаў — усяго ў горадзе іх цяпер 42.
Звычайна мэмарыяльны атрад, які нясе вахту на «пасту № 1», складаецца з 10–15 навучэнцаў. У склад уваходзяць:
- камандзір і намесьнік камандзіра — адказныя за дысцыпліну, арганізацыю, зьмены, узаемадзеяньне з куратарамі;
- дзяжурныя (днявальныя) — сочаць за распарадкам, выпраўляюць зьмены на варту, вядуць унутраны графік;
- экскурсаводы — вучні, якія ня толькі стаяць у варце, але і падрыхтаваныя праводзіць экскурсіі ў музэі Берасьцейскай крэпасьці або апавядаць пра гісторыю манумэнтаў;
- юнармейцы — непасрэдна стаяць на варце ля Вечнага агню; па чатыры чалавекі ў зьмене (два хлопцы і дзьве дзяўчыны) мяняюцца кожныя 10–15 хвілін.
Узрост удзельнікаў звычайна ад 14 да 17 гадоў, г. зн. яны вучні 8–11 клясаў. Абавязковая ўмова — добрая фізычная падрыхтаванасьць, дысцыпліна і брак супрацьпаказаньняў для доўгага стаяньня на холадзе ці ў сьпёку.
За 50 гадоў праз «пост № 1» прайшлі каля 99 тысяч падлеткаў (такую лічбу дае афіцыйнае прадстаўніцтва «паста» ў матэрыялах для экскурсаводаў). У некаторых берасьцейскіх сем’ях у розныя пэрыяды на «вахце памяці» маглі адстаяць нават некалькі пакаленьняў.
Будні ў атрадзе: патрыятычнае выхаваньне, хаджэньне шыхтом, варта
Успамінамі пра мэмарыяльны атрад з Свабодай падзялілася берасьцейка Марынa* (імя зьменена зь меркаваньняў бясьпекі. — РС).
Марына ўпершыню трапіла ў мэмарыяльны атрад у восьмай клясе і «служыла» да адзінаццатай. Заўсёды была экскурсаводам — дзякуючы добрай памяці. Дзеля шыхтавой падрыхтоўкі даводзілася заставацца пасьля ўрокаў і «маршаваць, маршаваць, маршаваць».
«Шыхтавы крок, паходны крок, цырыманіяльны крок. Апошні — найцяжэйшы: трэба падымаць нагу на дзевяноста градусаў, прамаўляць сабе „трыста трыццаць тры“, і толькі потым зьмяняць нагу. Старэйшыя трэнавалі нас бязь літасьці».
Марына ўспамінае, што падчас варты абавязкова правяралі фізычную падрыхтоўку: колькі разоў хто мог падцягнуцца, каб здаць нарматыў (найніжэйшая мяжа — пяць разоў). Быў яшчэ «агнявы» нарматыў — зборка і разборка аўтамата на хуткасьць.
Яна апавядае, што калі атрад заступаў на пост, да іх абавязкова прыходзіў начальнік — Ігар Міхайлавіч Чыкалаў — і праводзіў экзамэн па датах і ўсёй гісторыі, якую трэба было ведаць. У звычайных юнармейцаў звычайна пыталі пра даты — напрыклад, калі была заснаваная крэпасьць і калі яе абаранялі, а вось экскурсаводаў правяралі па ўсім матэрыяле.
«А яшчэ ў межах падрыхтоўкі да атраду нам паказвалі патрыятычныя фільмы. Дакладна памятаю мільён сэрыяў „Дзяржаўнай мяжы“, „Мы з будучыні“ і „Сволачы“. Здаецца, гэта трэба было, каб мы прасякнуліся адпаведнай атмасфэрай. Але звычайна кіно ніхто не глядзеў — усе былі занятыя сваімі справамі».
У атрадзе ёсьць камандзір і камісар, дзяжурныя, якія выпраўляюць зьмены на варту, экскурсаводы — яны павінны ня толькі несьці вахту, але і вывучыць інфармацыю пра музэй Берасьцейскай крэпасьці, каб праводзіць экскурсіі для гасьцей, — і юнармейцы, што стаяць ля Вечнага агню.
Марына апавядае, што стаяць даводзілася ў кожную пару: у трыццаціградусную сьпякоту — у кашулях, зімой — у бушлатах, увосень — у кіцелях. Пэўныя дэталі формы ім выдавалі (бушлаты, кіцелі, спадніцы, пілёткі), але памер пасаваў не заўсёды — даводзілася падшываць ці падпінаць шпількамі, каб трымалася. А калі форма не сядзела ідэальна, маглі быць праблемы з адзнакай за вонкавы выгляд.
Паводле патрабаваньняў, дзяўчаты мусілі мець касьнік і спадніцы-алоўкі, хлопцы — нагавіцы са стрэлкамі. Натуральна, ніякага заўважнага макіяжу, каляровага манікюру і яркіх упрыгожаньняў. Маршаваць дзяўчатам трэба было ў балетках — у іх падымаеш нагу на дзевяноста градусаў і «молісься, каб туфель не зьляцеў у самы нязручны момант».
«Памятаю, што некаторых хлопцаў літаральна прымушалі стрыгчыся, асабліва калі ў модзе былі даўгія валасы. Стрыжка мусіла быць вайсковая, кароткая — у выніку хлопцы хавалі пад пілётку максымальную колькасьць валасоў. І ўсё гэта дзеля аднаго тыдня стаяньня на пасту».
Найважнейшае ў жыцьці юнармейца, з словаў Марыны, — стаяць ля Вечнага агню. Праз гэта падчас зьмены мусіў прайсьці кожны чалец атраду. Ля агню заўсёды гучала маркотная, аднастайная музыка, якая з часам уядаецца ў памяць. Каб хоць неяк заняць сябе, дзяўчына лічыла пліткі на велізарным мэталічным штыку — і ніколі не магла далічыць да канца.
Паводле яе словаў, найбольш складана стаяць, калі побач зьяўляюцца турысты: яны фатаграфуюць, просяць усьміхнуцца, некаторыя нават спрабуюць загаварыць. Але трэба маўчаць і заставацца нерухомай — такая роля вартавога.
Ухіліцца ад удзелу немагчыма: на пасту ўсё ацэньваецца — кожны крок, кожны заход групы кантралюе начальнік. Ён заносіць адзнакі ў журнал, і менавіта яны вызначаюць, якое месца зойме варта ў выніках тыдня.
«Варта — гэта як маленькае войска. Там жалезная дысцыпліна, загады, строгая форма. Вядома, часткова гэта бутафорыя, але палітынфармацыя і ідэалягічная праца там цалкам рэальныя — і вядуць яе зусім не твае равесьнікі, а афіцэры.
Цябе здымаюць з урокаў на цэлы тыдзень, каб ты стаяў у мэмарыяльным комплексе ў вайсковай форме і маршаваў па часта зусім пустой Берасьцейскай крэпасьці. Плюсы ў тым, што можна было прапусьціць некалькі кантрольных, а яшчэ ў нас у школе іспыт з гісторыі ў канцы 11-й клясы было значна лягчэй здаць, калі ты юнармеец».
Марына* прызнаецца, што ў свой час яна не ўспрымала ўдзел у вахце памяці як нешта надзвычайнае: у яе школе вельмі актыўна займаліся патрыятычным выхаваньнем, і «імітацыя арміі» здавалася ёй чымсьці натуральным і лягічным. Толькі ўжо пасьля выпуску, калі яна даведалася, што ў некаторых яе аднагодкаў узьніклі праблемы праз адмову стаяць на пасту, яна пачала задумвацца.
«Вядома, гэта было вельмі стрэсава. Ад цябе нібыта залежыць лёс і рэпутацыя школы — ці, прынамсі, табе так гавораць. Толькі потым пачынаеш разумець, што гэта даволі дзіўна: марнаваць некалькі месяцаў, каб „пагуляць у армію“. Я вучылася ў адносна спакойнай другой палове дзясятых, але нават тады было абавязкова пераапранаць дзяцей у жаўнераў. І што ўжо казаць пра тое, што адбываецца цяпер».
Геаграфія руху: гарады Беларусі зь дзейнымі атрадамі
Сёньня афіцыйныя дзіцячыя мэмарыяльныя атрады вядомыя ў некалькіх гарадах Беларусі, пераважна там, дзе ёсьць значныя вайсковыя мэмарыялы або статусныя помнікі Другой усясьветнай вайны:
- Берасьце — адзін зь першых і найбольш актыўных цэнтраў. Пост № 1 ля Вечнага агню Берасьцейскай крэпасьці дзейнічае бесьперапынна з 1972 году. У яго залучаныя ўсе сярэднія навучальныя ўстановы гораду (каля 45 школ і каледжаў), кожная раз у год цягам тыдня выстаўляе свой атрад для варты.
- Менск — сталіца, дзе Ганаровая варта памяці на плошчы Перамогі стала часткаю гарадзкога жыцьця з 1980-х гг. Менскі пост № 1 афіцыйна быў адкрыты ў 1984 годзе, і ад таго часу тысячы менскіх вучняў прайшлі праз гэты абавязак. Удзел школ рэгулюе гарадзкі камітэт адукацыі, кожная сярэдняя школа Менску раз у некалькі гадоў удзельнічае ў варце ля Вечнага агню.
- Віцебск — буйны абласны цэнтар на поўначы Беларусі, якому ў гады вайны былі нанесеныя вялікія страты. У Віцебску дзейнічае пастаянны пост памяці каля Вечнага агню на плошчы Перамогі, дзе таксама нясуць варту школьныя атрады.
- Магілёў — усходні абласны цэнтар, вядомы гераічнай абаронай у чэрвені–ліпені 1941 г. (Магілёўскі кірунак). Тут таксама існуе практыка ганаровай варты моладзі — каля мэмарыялу воінам-вызваліцелям. Магілёўскія школьнікі ўдзельнічаюць у акцыях памяці, магілёўскі мэмарыяльны атрад прадстаўляў Беларусь на нядаўніх зьлётах пастоў № 1 Расеі і Беларусі.
Акрамя згаданых гарадоў, элемэнты дзіцячай ганаровай варты сустракаюцца і ў іншых паселішчах краіны. Напрыклад, у Гомлі, Горадні, Полацку ды іншых гарадах праводзяцца вахты памяці падчас Дня Перамогі і іншых памятных датаў, калі навучэнцы выстаўляюць ганаровую варту каля брацкіх магіл або мэмарыялаў. Аднак сталых штодзённых пастоў № 1 у гэтыя гарадах можа і ня быць — яны, як правіла, дзейнічаюць эпізадычна (на сьвяты або ў рамках акцый).
Форум