Літва выдаткуе 1,1 мільярда эўра на ўмацаваньне мяжы зь Беларусьсю і Расеяй. Зь іх 800 мільёнаў пойдзе на на супрацьтанкавыя міны. Праект разьлічаны на 10 гадоў, паведаміла Міністэрства абароны Літвы.
Літва і яе суседзі па Балтыі Латвія і Эстонія, якія мяжуюць з Расеяй, баяцца, што могуць апынуцца наступнымі на прыцэле Масквы, калі яна выйграе вайну супраць Украіны, піша AFP.
Усе тры краіны ўзмацняюць сваю абарону пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе і ўзмацняюць захады бясьпекі на мяжы з-за штучнага мігранцкага крызісу.
Апошняе павелічэньне выдаткаў дазволіць Літве «блякаваць і запавольваць дзеяньні варожых дзяржаў», заявіла Міністэрства абароны краіны.
У студзені Літва абвясьціла аб плянах штогод выдаткоўваць ад пяці да шасьці працэнтаў свайго ВУП на абарону з 2026 па 2030 год.
Міністэрства заявіла, што зараз вядзецца «інтэнсіўная» праца па вызначэньні таго, як «забясьпечыць цэласнасьць Балтыйскай абарончай лініі».
Яно заявіла, што 800 мільёнаў эўра з агульнай сумы будзе выдаткавана на супрацьтанкавыя міны.
Краіны Балтыі, а таксама Фінляндыя і Польшчы вырашылі сёлета выйсьці з Атаўскай канвэнцыі, якая забараняе набыцьцё, вытворчасьць, назапашваньне або выкарыстаньне супрацьпяхотных мін.
Міны, прызначаныя для закопваньня або прыхоўваньня ў зямлі, часта калечаць ахвяр, якія не паміраюць адразу, і гуманітарныя групы асуджаюць іх доўгатэрміновы ўплыў на мірных жыхароў.
Праваабарончыя групы, у тым ліку Amnesty International і Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа (МКЧК), асудзілі рашэньне аб выхадзе з дамовы.
У рамках заплянаваных захадаў Літва назапасіць супрацьтанкавыя сыстэмы і іншыя ўмацаваньні паблізу так званага Сувалскага калідора — тэрыторыі шырынёй 70 кілямэтраў, якая злучае краіны Балтыі з Польшчай. Вузкі ўчастак зямлі з аднаго боку атачае расейскі анкляў Калінінград, а з другога — саюзьнік Масквы Беларусь.
Літва плянуе паглыбіць ірыгацыйныя канавы, якія могуць служыць траншэямі, аднавіць лясы ў памежных раёнах і пасадзіць дрэвы на ключавых дарогах для абароны мірных жыхароў і вайскоўцаў.
Дадатковыя захады ўключаюць «магчымасьці радыёэлектроннай барацьбы, сыстэмы барацьбы з бесьпілётнікамі і ўмацаваньне сыстэмы назіраньня і раньняга папярэджаньня», паведаміла міністэрства.
Форум