Аддзелы аховы правапарадку і прафіляктыкі раённых Аддзелаў унутраных спраў рассылаюць «дармаедам» апавяшчэньні, якія больш падобныя на позвы, піша выданьне «Флагшток». У выпадку няяўкі людзям пагражаюць адміністрацыйнай адказнасьцю.
Раней такія пасланьні «незанятым у эканоміцы» не прыходзілі. Усе мінулыя гады «дармаеды» атрымлівалі толькі лісты з прапановай пацьвердзіць свой статус або зьвярнуцца па дапамогу ў працаўладкаваньні. Таксама ў паведамленьні гаворыцца аб неабходнасьці прыйсьці ў рэгіянальнае ўпраўленьне працы, занятасьці і сацыяльнай абароны, а для пацьверджаньня занятасьці або цяжкай жыцьцёвай сытуацыі прынесьці патрэбныя дакумэнты ў раённую камісію садзейнічаньня занятасьці.
У некаторых выпадках такія паведамленьні-позвы прыходзілі грамадзянам, якія ўжо пяць і больш гадоў не жывуць у Беларусі і працуюць за мяжой, дадае выданьне.
Таксама ў позвах гаворыцца, што такую працу міліцыя праводзіць у мэтах «забесьпячэньня выкананьня канстытуцыйнага абавязку грамадзян аб удзеле ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў шляхам выплаты падаткаў».
Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Вікторыя Рудзянкова падкрэсьліла, што прымус да працы і маніпуляцыі «абавязкам фінансаваць дзяржаву» — гэта чарговы жэст рэжыму, які дэманструе грэбаваньне правамі чалавека.
«У арт. 41 Канстытуцыі прапісана, што праца — гэта права, а не абавязак, і ніхто ня можа быць прымушаны працаваць. У тым жа артыкуле за дзяржавай замацаваны абавязкі для стварэньня ўмоваў для поўнай занятасьці насельніцтва, а ў выпадку, калі чалавек ня можа знайсьці сабе працу па не залежных ад яго прычынах, дзяржава гарантуе адукацыю і павышэньне кваліфікацыі гэтаму чалавеку.
Таму падмена паняткаў на афіцыйным узроўні зьяўляецца юрыдычнай дэзынфармацыяй і заканамернымі наступствамі адсутнасьці вяршэнства права: калі няважна, што напісана ў законах, у тым ліку ў Канстытуцыі, а важна толькі тое, што кажуць афіцыйныя асобы.
Таксама задзейнічаньне праваахоўных органаў, якія маюць азмрочаную рэпрэсіямі рэпутацыю, яшчэ больш пагаршае сытуацыю. Міліцэйская самаўпраўнасьць выклікае страх у грамадзтва, які цяпер распаўсюджваецца ня толькі на палітычныя тэмы і выказваньне меркаваньня, але й на іншыя сфэры жыцьця. Не міліцыя мусіць займацца працаўладкаваньнем і пытаньнямі занятасьці — таму гэта зьяўляецца злоўжываньнем уладай».
Такім чынам, фактычна дзяржава прымушае людзей працаваць пад страхам рэпрэсій, што супярэчыць і Канстытуцыі, і міжнародным стандартам. Артыкул 2 Канвэнцыі № 29 «Аб прымусовай або абавязковай працы» Міжнароднай арганізацыі працы вызначае прымусовую працу як любую працу, якая ажыцьцяўляецца пад пагрозай пакараньня і без добраахвотнай прапановы сваіх паслуг.
Форум