Жыхарам Масквы раяць загадзя прыдбаць на сьвяты папяровую мапу, запасьціся наяўнымі грашыма і вывучыць графік працы бліжэйшых крамаў.
Улады Расеі з-за падрыхтоўкі сьвяткаваньня дня перамогі пачалі абмяжоўваць мабільны інтэрнэт у сталіцы, перадае «Настоящее время».
Гэта ўжо паўплывала на працу банкаматаў. Дастаўкі, крамы, каршэрынгі таксама папярэдзілі, што кліентам трэба быць гатовымі да збояў у працы сэрвісаў. Пасажырам маскоўскага мэтро раілі загадзя папоўніць праязныя.
Прэс -сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў папярэдзіў, што збоі з інтэрнэтам будуць трываць да 10 траўня ўключна, і што гэта ня збой, а мэтанакіраваная палітыка ўладаў.
«Тут трэба з абсалютным разуменьнем да гэтага ставіцца. Мы з вамі як масквічы, як жыхары горада канечне ж хочам, каб гэтае слаўнае сьвята перамогі было адзначанае на належным узроўні. І каб усе мерапрыемствы прайшлі так, як гэта задумвалі арганізатары».
Аб праблемах з мабільным інтэрнэтам кажуць ня толькі ў Маскве. У Падмаскоўі, Пецярбургу, Новасібірску і Краснадары зафіксавалі перабоі ў працы апэратараў мабільнай сувязі. Гаворка нават пра тэлефанаваньні і СМС. Абмежаваньні настолькі сур’ёзныя, што, па словах старшыні таварыства абароны інтэрнэта Міхаіла Клімарава, абысьці іх практычна немагчыма.
Улады абмяжоўваюць інтэрнэт пры дапамозе тэхнічных сродкаў супрацьдзеяньня пагрозам, гэтымі дэвайсамі аснасцілі ўсе сеткі апэратараў у Расеі. Такім чынам, улады могуць адключыць мабільны інтэрнэт у любы зручны час, заявіў Клімараў.
Форум