Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская дэлегацыя ў КНДР падпісала пагадненьне аб гандлёва-эканамічнай супрацы і наведала «вежу Чучхэ»


Беларуская ўрадавая дэлегацыя ў Паўночнай Карэі
Беларуская ўрадавая дэлегацыя ў Паўночнай Карэі

Падпісаньне пагадненьня аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Беларусі і КНДР адбылося 8 траўня.

Беларуская дэлегацыя на чале зь віцэ-прэмʼер-міністрам Юрыем Шулейкам знаходзіцца ў Паўночнай Карэі з 6 траўня.

Карэйскую групу ўзначальваў на сустрэчы віцэ-прэм’ер Кабінэту міністраў КНДР Чон Мён Су, паведаміла дзяржаўнае Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі (ЦТАК).

Падрабязнасьцяў перамоваў не паведамляюць. Вядома, што бакі размаўлялі пра супрацу ў сельскай гаспадарцы, машынабудаваньні, ахове здароўя, гандлі і адукацыі.

У праграме візыту ўжо былі паездкі да «вежы ідэяў Чучхе», якая, паводле паўночнакарэйскага агенцтва, «апавядае пра несьмяротныя ідэйна-тэарэтычныя подзьвігі прэзыдэнта Кім Ір Сэна». Беларусы паглядзелі на Пхеньян з агляднай пляцоўкі на вежы, завіталі ў бібліятэку Ўнівэрсытэту Кім Ір Сэна, наведалі дзіцячы шпіталь і палац школьнікаў.

На ўрачыстым прыёме ў гонар беларускай дэлегацыі 7 траўня Юры Шулейка падзякаваў за цёплы прыём дэлегацыі і сказаў, што пабачыў, як партыя, урад і народ КНДР імкліва рухаюцца шляхам новага разьвіцьця і росквіту. Ён адзначыў, што Беларусь і КНДР падтрымліваюць традыцыйныя сяброўскія адносіны, угрунтаваныя на ўзаемнай павазе да нацыянальнага сувэрэнітэту і права на самастойнае разьвіцьцё. Шулейка выказаў за ўзмацненьне супрацоўніцтва дзеля дабрабыту двух народаў у будучыні, перадае паўночнакарэйскае радыё «Голас Карэі».

Таксама зь беларускай дэлегацыяй сустрэўся прэмʼер-міністар КНДР Пак Тхэ Сон. Паўночнакарэйскія СМІ паведамляюць толькі, што гэта быў «візыт ветлівасьці», які «прайшоў у сяброўскай атмасфэры». На ім былі таксама віцэ-прэм’ер і міністар замежных эканамічных сувязяў КНДР.

Вечарам 8 траўня беларуская дэлегацыя была на прыёме, арганізаваным пасольствам Расеі ў КНДР у гонар гадавіны перамогі ў Другой усясьветнай вайне.

На прыёме расейскі пасол Аляксандар Мацагора, сярод іншага, падзякаваў паўночнакарэйскім вайскоўцам за дапамогу ў вызваленьні ад украінскага войска Курскай вобласьці і заявіў, што ў «вызваленых гарадах і вёсках будуць узьведзеныя цудоўныя абэліскі карэйскім героям, а адноўленыя вуліцы і плошчы будуць названыя іхнымі імёнамі, імёнамі тых, чый подзьвіг назаўсёды застанецца ўва ўдзячнай памяці і сэрцах народу Расеі».

Удзельнікі прыёму паднялі тост за моцнае здароўе Кім Чэн Ына і Ўладзіміра Пуціна, паведаміла ЦТАК.

Храналёгія збліжэньня Беларусі і Паўночнай Карэі

Улады Беларусі каля году таму сталі актыўна заяўляць аб сваёй цікавасьці да Паўночнай Карэі — закрытай дзяржавы з дыктатарскім рэжымам, супраць якой дзейнічаюць санкцыі Рады Бясьпекі ААН, зьвязаныя з разьвіцьцём ядзернай праграмы.

15 верасьня 2023. На перамовах з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным Аляксандар Лукашэнка сказаў, што Расея, Беларусь і КНДР маглі б «падумаць пра супрацу недзе на траіх».

18 студзеня 2024. Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік абмеркаваў «паглыбленьне супрацы» з намесьнікам міністра замежных спраў Паўночнай Карэі Кім Сон Гёнам. Сустрэча адбылася падчас саміту «Руху недалучэньня» ў Угандзе.

16 красавіка 2024. Пхеньян наведаў намесьнік міністра замежных справаў Яўген Шастакоў у рамках «плянавых палітычных кансультацыяў».

23–25 ліпеня 2024. КНДР наведаў міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў. Па візыце ён сказаў, што Паўночная Карэя — «краіна вельмі цікавая і канкрэтны прыклад, як працуюць фэйкі, якія навязваюцца празь нейкія інфармацыйныя рэсурсы міжнароднай супольнасьці», нагадвае «Позірк».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG