Перамовы прайшлі ў вузкім і ў пашыраным складзе, як гэта бывае на міждзяржаўных сустрэчах найвышэйшага ўзроўню.
Як піша прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі, бакі абмяркоўвалі разьвіцьцё стратэгічнай супрацы Беларусі і Віетнаму ў ключавых кірунках эканомікі, палітыкі і гуманітарнай сфэры.
То Лам наведвае Менск з чацьвёртым візытам. На сустрэчы 12 траўня абмяркоўвалі гандаль, сумесную вытворчасьць тэхнікі, у якой зацікаўлены Віетнам, авіязлучэньне паміж краінамі.
«Адкрыта можна гаварыць сёньня, што мы інтэнсіўна супрацоўнічалі з вамі ў галіне вайскова-прамысловага комплексу, паставак нашых узораў узбраеньняў у Віетнам. Калі вам гэта будзе цікава, мы гатовыя гэта аднавіць», — сказаў Лукашэнка і запрасіў віетнамскіх партнэраў наведаць выставу MILEX-2025, якая неўзабаве пройдзе ў Менску.
То Лам у сваю чаргу заявіў, што Віетнам зацікаўлены падняць узровень адносін зь Беларусьсю да стратэгічнага партнэрства і запрасіў Лукашэнку прыехаць у Віетнам.
- То Лам займае пасаду генэральнага сакратара ЦК КПВ ад жніўня 2024 году.
- Ён быў міністрам грамадзкай бясьпекі Віетнаму ў 2016–2024 гадах, у 2024 годзе на паўгода стаў прэзыдэнтам гэтай краіны, лічыцца адным з самых уплывовых партыйна-дзяржаўных кіраўнікоў.
- 6 траўня 2025 году Лукашэнка ўзнагародзіў яго ордэнам Дружбы народаў.
- Улады Віетнаму выдалі ў Беларусь экс-байца палку Каліноўскага Васіля Верамейчыка.
- Віетнам застаецца адной з апошніх камуністычных дзяржаваў у сьвеце.
- Кампартыя Віетнаму застаецца кіроўнай у краіне і вызначае праграму і дзеяньняў ураду, пасьля распаду камуністычнай сыстэмы ў сьвеце ў 1990-х партыя захавала ўладу, але прыняла рашэньне аб рынкавых рэформах у краіне пры захаваньні сацыялістычнай ідэалёгіі і манаполіі на ўладу.
Форум