Заява Паўла Сапелкі прагучала пасьля інфармацыі пра сьмерць дзьвюх былых палітзьняволеных, якія памерлі ад праблем са здароўем ужо на волі: 39-гадовай Ганны Кандраценкі з Чавускага раёну і 45-гадовай жыхаркі Лунінца Тамары Каравай.
«Умовы ўтрыманьня, недастатковая мэдычная дапамога і псыхалягічны ціск нэгатыўна ўплываюць на фізычны і псыхічны стан зьняволеных. У 2024 годзе былі зафіксаваныя выпадкі сьмерці палітвязьняў, такіх як Вадзім Храсько, які памёр ад пнэўманіі, і Ігар Леднік, які меў інваліднасьць і памёр ад спыненьня сэрца. Гэтыя выпадкі сьведчаць пра сыстэмныя праблемы ў забесьпячэньні мэдычнай дапамогі ў турмах.
Сёлета стала вядома пра сьмерць былых палітзьняволеных, адной з іх яшчэ ў калёніі дыягнаставалі анкалягічнае захворваньне»,— заявіў Павал Сапелка.
Ён меў на ўвазе асуджаную за камэнтары Ганну Кандраценку, якой за кратамі дыягнаставалі анкалягічнае захворваньне, аднак зноў асудзілі і вярнулі ў калёнію. Яна памерла праз паўгода пасьля вызваленьня.
«Улады абавязаны забясьпечыць своечасовую дыягностыку і лячэньне ўсіх зьняволеных. У выпадку выяўленьня сурʼёзнага захворваньня, такога як рак, павінна быць аказана неабходная мэдычная дапамога з магчымасьцю стацыянарнага лячэньня ў спэцыялізаваных установах. Згодна зь міжнароднымі стандартамі, брак належнай мэдычнай дапамогі можа разглядацца як катаваньне ці жорсткае абыходжаньне», — заявіў праваабаронца Павал Сапелка.
На 12 сакавіка 2025 года за кратамі ў становішчы асаблівай рызыкі знаходзяцца ня менш за 219 палітвязьняў.
Праваабаронцы заклікаюць паведамляць аб праблемах здароўя сваіх блізкіх і сукамэрнікаў. Павал Сапелка растлумачыў, чаму гэта важна:
«Гэта дазваляе прыцягнуць увагу грамадзкасьці і міжнародных арганізацый, што можа спрыяць паляпшэньню ўмоваў утрыманьня і аказаньню неабходнай мэдычнай дапамогі. Гэта таксама стварае дадатковы кантроль за дзеяньнямі ўладаў і можа перадухіліць парушэньні правоў чалавека. Калі праваабаронцам невядома пра нейкае асуджэньне з палітычных матываў, калі невядомы стан здароўя палітвязьня, то дакладна няма спадзеву, што яго праблема будзе паднятая на ўсіх магчымых узроўнях».
Гэта патрэбна і дзеля таго, каб палітвязьняў з асабліва рызыкоўным станам здароўя маглі ўключыць у так званыя гуманітарныя сьпісы і дамагацца іх першачарговага вызваленьня, кажа Сапелка.
«Улады абавязаны забясьпечыць гуманнае абыходжаньне з усімі зьняволенымі, у тым ліку хворымі. Гэта ўключае своечасовую мэдычную дапамогу, належныя ўмовы ўтрыманьня і павагу чалавечай годнасьці. Міжнародныя стандарты патрабуюць, каб зьняволеныя мелі доступ да такой жа мэдычнай дапамогі, як і на волі. Галоўнае патрабаваньне што да такіх зьняволеных — гэта іх першачарговае вызваленьне», — адзначае праваабаронца.
Сапелка перакананы, што «кожная сьмерць палітзьняволенага дадае новую старонку ў абвінавачаньне тых, хто адказны за іх перасьлед, адвольны прысуд, утрыманьне ў калёніях і турмах, за здароўе заняволеных».
Форум