Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі ў Расеі правялі масавыя рэйды і затрымалі мадэратараў 57 тэлеграм-каналаў


Расейскія сілавікі. Ілюстрацыйнае фота
Расейскія сілавікі. Ілюстрацыйнае фота

ФСБ, МУС, Сьледчы камітэт і «Расгвардыя» правялі рэйды у 81 рэгіёне Расеі.

Як піша Расейская служба Радыё Свабода, яны затрымалі 57 адміністратараў тэлеграм-каналаў і шасьцёх падазраваных у рыхтаваньні нападаў на школы.

З гэтай нагоды расейская контравыведка 15 траўня напісала, што каналы затрыманых мадэратараў нібыта распаўсюджвалі нэанацысцкую і тэрарыстычную ідэалёгію і вялі перапіску з «украінскімі куратарамі». Доказаў гэтаму не даюць, асобаў затрыманых не раскрываюць.

ФСБ Расеі сьцьвярджае, што ў затрыманых нібыта знайшлі кампанэнты для вырабу самаробных выбуховых прыстасаваньняў і зброю. Паведамляюць пра рыхтаваньне арыштаў падазраваных.

Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну расейскія спэцслужбы рэгулярна паведамляюць аб затрыманьні падазраваных у працы на ўкраінскія спэцслужбы, нібыта завэрбаваных праз сацыяльныя сеткі і мэсэнджары.

Доказаў сувязі затрыманых з Кіевам часьцей за ўсё не падаюць, калі справы затрыманых даходзяць да суду, іх разглядаюць у закрытым рэжыме і засакрэчваюць. Сярод такіх затрыманых у Расеі ёсьць некалькі беларусаў.

  • У красавіку 2025 стала вядома, што сьледчыя СК Расеі ў Ханты-Мансійску расьсьледуюць крымінальную справу аб рыхтаваньні да тэрарыстычнага акту, замаху на забойства і наўмысным пашкоджаньні маёмасьці. Паводле зьвестак тэлеграм-каналу Baza, адзін з затрыманых — беларус, 48-гадовы Андрэй С.
  • 18 красавіка 2025 году ФСБ затрымала беларуса, які нібыта рыхтаваў тэрарыстычны акт у Расеі «на заданьне СБУ». Канкрэтных доказаў ФСБ не прывяла, на карысьць расейскай вэрсіі гучалі толькі словы затрыманага і нібыта сьледчы экспэрымэнт.
  • У сьнежні 2023 году ў Омску затрымалі беларуса Сяргея Ерамеева, якога абвінавацілі ў падрыве двух цягнікоў на Байкала-Амурскай магістралі ў Буратыі. У паведамленьнях, якія выпускала расейская ФСБ, Ерамееў казаў, што хацеў паралізаваць перавоз вайсковай тэхнікі бліжэй да Ўкраіны. Расейскія спэцслужбы сьцьвярджалі, што выбухоўку Ерамееў атрымаў яшчэ ў Беларусі, а потым перавёз яе на Далёкі Ўсход Расеі. Пра Ерамеева вядома, што ён працаваў на «Нафтане», а ў 2020 годзе далучыўся да пратэстаў. Цяпер ён зьняволены ў СІЗА «Лефортава» ў Маскве. Яму выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэксу РФ (тэрарыстычны акт).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG