Цяпер у гульні засталіся 26 выканаўцаў: гаспадары, «вялікая пяцёрка» і па 10 пераможцаў з двух паўфіналаў.
Пакуль эўрафаны робяць апошнія прагнозы, а сцэну рыхтуюць да галоўнага шоў году, букмэкерскія канторы ўжо маюць сваіх відавочных фаварытаў.
Найвышэйшыя шанцы на перамогу ў гумарыстычнага трыё KAJ зь Фінляндыі, якое прадстаўляе Швэцыю, зь вясёлай кампазыцыяй Bara bada bastu. Букмэкеры даюць 41% імавернасьці (на раніцу суботы).
За трыё ідзе аўстрыйскі вакаліст JJ з драматычнай поп-опэрнай балядай Wasted Love. Імавернасьць яго перамогі вагаецца ад 20 да 27%.
Трэцяе месца ў рэйтынгах займае францужанка Louane, якая прывезла на конкурс кранальную аўтарскую песьню Maman. Яе шанцы значна меншыя — прыкладна 13%.
Расказваем ўсё, што варта ведаць пра сёлетніх фаварытаў.
Францыя — Louane зь песьняй «Maman»
Францыю на сёлетняй «Эўравізіі» прадстаўляе 28-гадовая сьпявачка і акторка Ан Пэшэр, вядомая пад псэўданімам Louane. У мінулым яна — удзельніца францускага конкурсу The Voice і зорка фільму La Famille Bélier, за які атрымала прэмію César у намінацыі «Найлепшы дэбют акторкі». Сцэнічная гісторыя Ан пачалася рана, але не абышлася безь цяжкіх стратаў: яшчэ ў юнацтве дзяўчына страціла абодвух бацькоў, і выкананую на The Voice песьню Imagine яна прысьвячала памяці бацькі.
Удзел у конкурсе для Louane — нешта значна больш асабістае, чым кар’ерны этап. Як расказала сама артыстка, яе маці была вялікай аматаркай «Эўравізіі» і марыла калісьці ўбачыць дачку на вялікай сцэне. Калі старшыня францускай дэлегацыі Аляксандра Рэдэ-Ам’ель прапанавала Louane прадстаўляць Францыю, яна спачатку вагалася, але ўрэшце прыняла прапанову як спосаб ушанаваць памяць маці.
Для «Эўравізіі» Louane выбрала баляду Maman. Цікава, што песьня з такой назвай ужо гучала ў яе дэбютным альбоме, але цяперашняя зусім іншая: не пераробленая, а новая старонка.
Як кажа сама выканаўца, гэта песьня пра яе сёньняшнюю: сталую, незалежную, але ўсё яшчэ злучаную з тым колішнім жыцьцём. У некалькіх радках — шлях, які яна прайшла: «ад дзяўчынкі да жанчыны, ад дачкі да маці». Ан называе гэты трэк асаблівым і спадзяецца, што ён адгукнецца ў сэрцах слухачоў гэтак жа, як і ў яе самой. Як прадстаўніца краіны зь «вялікай пяцёркі», яна аўтаматычна апынулася ў фінале і выступіць 17 траўня.
Аўстрыя — JJ зь песняй Wasted Love
Аўстрыю на «Эўравізіі-2025» прадстаўляе 23-гадовы сьпявак JJ, у жыцьці Яганэс Пітш. Ён вучыцца ў Венскім унівэрсытэце музыкі, спалучае вучобу з практыкай у опэрнай школе Венскай дзяржаўнай опэры. За яго плячыма ўжо немалы сцэнічны досьвед: JJ пасьпеў выступіць і ў аўстрыйскім тэлешоў Starmania, і нават у брытанскім The Voice — яшчэ падлеткам. І даволі незвычайная біяграфія: JJ нарадзіўся ў аўстрыйска-філіпінскай сям’і, вырас у Дубаі, а пасьля вярнуўся ў Эўропу.
Для выступу на «Эўравізіі» JJ выбраў песьню Wasted Love — эмацыйную баляду на стыку поп-музыкі, опэры і электроннай драмы. Трэк быў напісаны ў сааўтарстве з Тэадорай Шпірыч (прадстаўніцай Аўстрыі ў 2023 годзе). Як расказаў сам JJ, ідэя песьні нарадзілася з асабістага досьведу: у 2024 годзе ён перажыў складанае расстаньне і доўгі час спрабаваў знайсьці спосаб выказаць гэтыя пачуцьці.
Wasted Love выконваецца на сцэне ў поўнай адзіноце, што толькі ўзмацняе эфэкт. У пастаноўцы выкарыстаныя візуальныя вобразы з кліпу: вада, дождж, лодкі — усё гэта адсылае да стану разгубленасьці і пошуку апоры. Гэты нумар ужо трапіў у сьпісы галоўных фаварытаў фіналу — і, калі прагнозы апраўдаюцца, Аўстрыя зможа сьвяткаваць сваю трэцюю перамогу ў конкурсе.
Швэцыя — KAJ з песняй «Bara bada bastu»
Адзін з самых нечаканых вынікаў нацыянальных адбораў сёлета — перамога гурту KAJ на швэдзкім Melodifestivalen. Усе чакалі трыюмфу іншага фаварыта, але менавіта гэтая тройца зь Фінляндыі заваявала максымум галасоў гледачоў і права прадстаўляць Швэцыю на «Эўравізіі».
KAJ — гумарыстычнае поп-трыо з Астработніі, швэдзкамоўнага рэгіёну Фінляндыі. Яны сябры яшчэ з школы і выступаюць разам з 2009 году. За плячыма некалькі альбомаў і нават арыгінальныя музычныя камэдыі. Да «Эўравізіі» іх ведалі перадусім у швэдзкамоўнай супольнасьці Фінляндыі, але запрашэньне на Melodifestivalen зьмяніла ўсё.
Песьня Bara bada bastu («Проста хадзем у саўну») — гэта энэргетыка, гумар і танцавальныя рытмы ў адным фляконе. У самым гурце гэтую стылістыку называюць epadunk — сумесь поп-музыкі, народнай традыцыі і іроніі. Цікава, што з 1998 году Швэцыя не адпраўляла на «Эўравізію» песьню на швэдзкай мове — і вось праз больш як два дзесяцігодзьдзі гэты момант надышоў. І зрабілі гэта ня швэдзкія грамадзяне, а фінскія!
Паводле саліста Якуба Нургорда, гурт хацеў паказаць, што культурныя асаблівасьці — гэта ня толькі пра скандынаўскую сур’ёзнасць, але і пра гумар. Музыканты натхняліся Käärijä (прадстаўніком Фінляндыі ў 2023) і ўвогуле падтрымліваюць традыцыю эксцэнтрычных фінскіх нумароў на «Эўравізіі».
Сцэнічны вобраз максымальна шчыры і абсурдны: KAJ спрабавалі ператварыць сцэну ў сапраўдную лазьню і пакінулі на ёй столькі пары, каб глядзець на іх хацелася нават тым, хто далёкі ад скандынаўскага гумару.
Калі KAJ перамогуць, Швэцыя стане рэкардсмэнам конкурсу з васьмю перамогамі.
Форум