Дагэтуль няма ніякіх больш-менш зразумелых зьвестак пра зьнікненьне сьпікеркі Каардынайцыйнай Рады Анжалікі Мельнікавай. 14 траўня на гэтую пасаду сябры Рады абралі Арцёма Брухана — ён зь вялікім адрывам перамог Аляксандра Кныровіча.
У Беларусі Брухан працаваў у розных дзяржаўных установах, але ў 2021 годзе, як кажа, пасьля гібелі Рамана Бандарэнкі, звольніўся і зьехаў у Польшчу.
У вялікай размове з Свабодай Арцём Брухан расказаў пра сваё стаўленьне да гісторыі зьнікненьня Анжалікі Мельнікавай, яго ўплыў на дзейнасьць і фінансаваньне КР, а таксама пра свае адносіны з Паўлам Латушкам.
***
Cтала вядома, на якія тэрміны асудзілі абвінавачаных у арганізацыі тэрарыстычнага акту ля Талачына грамадзян Беларусі Барыса Пухальскага і Івана Бародзіча, а таксама ўкраінца Івана Ліхалата. Пухальскага і Бародзіча асудзілі адпаведна на 25 і 11 гадоў пазбаўленьня волі, Ліхалата — на 20. Іх абвінавацілі ў перадачы зьвестак украінскім спэцслужбам і ў выкананьні «іншыя заданьняў, якія маглі нанесьці шкоду нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».
Праваабаронцы зараз маюць інфармацыю пра 214 крымінальных справаў, зьвязаных з вайной ва Ўкраіне. Сярод іх і справа Рыка Крыгера, сьмяротны прысуд якому стаў першым і на гэты момант адзіным палітычна матываваным у сучаснай гісторыі Беларусі.
Распавядаем пра тое, колькі чалавек у Беларусі асудзілі за дзеяньні на карысьць Украіны і чаму пра гэтыя справы вядома так мала.
***
14 траўня 1995 году адбыўся першы ў гісторыі незалежнай Беларусі рэфэрэндум, які замяніў гістарычную сымболіку на нэасавецкую, запусьціў працэс русыфікацыі і афіцыйна вярнуў Беларусь пад кантроль Расеі.
Вось 10 фактаў пра рэфэрэндум, які 30 гадоў таму зьмяніў лёс Беларусі.
А вось Валер Карбалевіч піша, навошта Лукашэнку спатрэбіўся гэты рэфэрэндум і як пасьля ён выкарыстаў перамогу.
І відэакадры, як гэта было:
***
Толькі 8% беларускіх дзяцей зараз вучацца па-беларуску. І іх колькасьць працягвае зьніжацца, а тых, хто вучыцца па-расейску — расьці.
Настаўнікі расказваюць, чаму беларускія дзеці ня вучацца на роднай мове.
«Яно проста нікому ня трэба ўжо, толькі камусьці прынцыповаму. У каго зь дзяцей бацькі багацейшыя, разумныя, тыя хутчэй дзіця за мяжу хочуць вучыцца паслаць. Навошта ім беларуская. Але большасьці расейская патрэбная, вядома. Дзеці зараз нават у вёсцы яе добра ведаюць, яна ж паўсюль. У горадзе, у інтэрнэце. Усё вельмі дрэнна з беларускай мовай у школах».
Увесь гэты вельмі сумны артыкул чытайце тут.
***
Напрыканцы тыдня ў Стамбуле прайшлі мірныя перамовы паміж Украінай і Расеяй.
Напярэдадні было мала што вядома. І вось аналіз чаканьняў, магчымых дыпляматычных хадоў і іх наступстваў. І відэакадры таго, што папярэднічала перамовам.
Ні Трамп, ні Пуцін не прыехалі. Зяленскі хоць і наведаў Стамбул, але ў перамовах таксама ня ўдзельнічаў. Украінскую дэлегацыю ўзначаліў міністар абароны Рустэм Умераў. Расейскую дэлегацыю — памочнік Пуціна Ўладзімір Мядзінскі.
Тут падрабязна — як праходзілі перамовы, што казалі прадстаўнікі.
У нейкі момант перамовы перапыніліся, але першыя вынікіўсё ж былі прадстаўленыя.
Як мянялася пазыцыя афіцыйнага Менску адносна перамоваў Украіны і Расеі — прааналізаваў Валер Карбалевіч: Стамбульскае рэха ў Менску. Як «хістацца разам з генэральнай лініяй», якую праводзяць у Крамлі
А таксама глядзіце яго вынікі тыдня.
***
У чароговы ўжо раз яшчэ аднаго беларуса, якога не пусьцілі ў Грузію пасьля «візарана». Відэаблогер і актывіст Зьміцер Грынкевіч кажа, што пражыў у Батумі два гады, ніякіх праблемаў з грузінскімі ўладамі ня меў.
«Усе мае відэа па-беларуску, грузінам там складана разабрацца, — мяркуе Зьміцер. — Адзінае — я расказваў там пра выпадак спадара Мялешкі, якога таксама не пусьцілі назад у Грузію, дзе ён жыў зь сям’ёй. Усё, што меў, засталося ў Батумі. Што мне зараз рабіць, пакуль ня ведаю. Ці спрабаваць усё ж выехаць у Польшчу, ці заставацца ў Армэніі. Кажуць, тут можна ўсё ж атрымаць прытулак. Пакуль ня вырашыў».
Чытайце падрабязную гісторыю Зьмітра, а таксама камэнтар праваабаронцы Рамана Кісьляка.
***
Расказваем, што вядома пра новую, на гэты момант 10-ю хвалю памілаваньняў палітвязьняў, калі абвясьцілі пра вызваленьне 42 чалавек.
«Я ня стаў бы абясцэньваць працэс памілаваньня. Кожны дзень, праведзены за кратамі, — пекла для людзей. Безумоўна, добра, што людзі выйшлі раней. Былі памілаваныя, вызваленыя зь вельмі цяжкім станам здароўя, якім сядзець яшчэ доўга, і гэтыя вызваленьні маюць вельмі вялікую каштоўнасьць. Улады наагул маглі ня выпусьціць іх па заканчэньні тэрміну, як гэта адбылося з больш чым паўсотняй людзей, асуджаных паводле 411 артыкулу КК (нібыта за злоснае непадпарадкаваньне)», — кажа юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка.
***
Заканчваецца тыдзень яркім шоў «Эўравізіі».
Расказваем пра розныя цікавосткі сёлетняга фэстывалю. Напрыклад, на сцэне «Эўравізіі» гучалі песьні на 19 мовах — гэта найвышэйшы паказьнік з таго часу, як у 1999 годзе быў скасаваны абавязак выконваць песьні на нацыянальных мовах. А таксама — пра палітычныя і ня толькі супярэчнасьці і скандалы сёлетняга шоў.
А тут — разынкі пра топ-3 пра фаварытаў: поп-опэра, вечарына ў саўне і шчыры шансон на францускай.
Перамагла Аўстрыя. Яе прадстаўнік, сьпявак JJ, выбраў песьню Wasted Love — эмацыйную баляду на стыку поп-музыкі, опэры і электроннай драмы.
Нагадаем, Беларусь ня можа ўдзельнічаць у «Эўравізіі» ад ліпеня 2021 году. Летась Эўрапейскі трансьляцыйны зьвяз паведаміў, што гэтае рашэньне бестэрміновае.
А вось і пераможцы:
Заставайцеся са Свабодай!
Форум