Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турыстычныя апэратары зь Беларусі заключылі 26 дамоваў на форуме ў анэксаваным Расеяй Крыме


У анэксаваным Расеяй Сімферопалі. 9 траўня 2025 году
У анэксаваным Расеяй Сімферопалі. 9 траўня 2025 году

Чыноўнікі расейскай адміністрацыі Крыму хочуць. каб турысты зь Беларусі масава езьдзілі адпачываць да іх, як гэта было да анэксіі паўвострава Расеяй у 2014 годзе.

Турыстычныя апэратары зь Беларусі «заключылі 26 дамоваў з рознымі рэгіёнамі, у тым ліку з Крымам», заявіў міністар турызму і курортаў анэксаванага РФ украінскага паўвострава Сяргей Ганзій у выніку другога турысцкага зьлёту, які прайшоў пад патранажам ведамства, піша «Позірк».

З словаў чыноўніка расейскай адміністрацыі, у Крым прыехалі прадстаўнікі 70 кампаніяў з 15 рэгіёнаў Расеі, а таксама Беларусі.

Як адзначаецца, цэнтральнай падзеяй зьлёту стаў форум «Біржа кантактаў» у Ялце, дзе больш за 200 прадстаўнікоў турыстычнай галіны Крыму «завязалі беспасярэднія сувязі з калегамі зь Беларусі, Татарстану, Краснадарскага краю, Масквы, Санкт-Пецярбургу і іншых суб’ектаў РФ».

Для Крыму «важным прыярытэтам» застаецца далейшае «ўмацаваньне сувязяў, у тым ліку эканамічных, паміж нашай рэспублікай і рэгіёнамі Беларусі», заявіў 2 красавіка кіраўнік анэксаванага Расеяй паўвострава Сяргей Аксёнаў у «віншаваньні крымчан з Днём яднаньня народаў Беларусі і Расеі».

Паводле яго, Масква і Менск «разьвіваюць супрацоўніцтва і паглыбляюць інтэграцыю» ў рамках Саюзнай дзяржавы ўва ўсіх кірунках, «уключаючы абарону, бясьпеку, міграцыйную палітыку».

Раней пастаянны прадстаўнік прэзыдэнта РФ на гэтым украінскім паўвостраве Георгій Мурадаў заяўляў, што праца для прыцягненьня турыстаў з Беларусі ў Крым ёсьць «прыярытэтнай для рэгіёну».

Цяпер, паводле яго, доля беларусаў сярод турыстаў, якія наведваюць Крым, невялікая.

У ліпені 2024 году ўкраінскі бок паведамляў, што Кіеву вядома прынамсі пра сем дамовах, падпісаных уладамі Беларусі зь дзяржаўнымі органамі анэксаванага Крыму.

У верасьні першы намесьнік пастаяннага прадстаўніка гэтага рэгіёну пры прэзыдэнту РФ Міхаіл Саломенцаў заявіў, што ўлады анэксаванага паўвострава хочуць, каб «як мага больш беларусаў прыяжджалі ў Крым». Ён падкрэсьліў, што ў турыстычны сэзон «назіраў шмат машын з беларускімі нумарамі».

30 лістапада 2021 году ў інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву «Россия сегодня» Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Крым дэ-факта — «гэта расейскі Крым», а пасьля рэфэрэндуму 2014 году «і дэ-юрэ Крым стаў расейскім». Паводле яго сьцьвярджэньня, украінскія вайскоўцы «бяз бою аддалі» Крым.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG