Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэжым Лукашэнкі павінен адказваць за злачынствы», — міністар замежных спраў Літвы Будрыс


Кястуціс Будрыс
Кястуціс Будрыс

У інтэрвію Радыё Свабода міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс расказаў пра прычыны пазову супраць Беларусі ў Міжнародны суд ААН, ацаніў эфэктыўнасьць заходніх санкцыяў супраць афіцыйнага Менску і назваў умовы для аднаўленьня двухбаковых стасункаў паміж краінамі.

— Літва падала на Беларусь у Міжнародны суд ААН у Гаазе, абвінаваціўшы рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў арганізацыі міграцыйнага крызісу. Чаму?

— Бо тое, што яны рабілі — абсалютна незаконна. Гэта была інструмэнталізацыя міграцыі, што супярэчыць шматлікім міжнародным нормам і правам чалавека. Такія рэчы ня могуць заставацца без адказнасьці. Дзяржава павінна адказваць за свае рашэньні.

У той час я працаваў у службе бясьпекі і выведцы і бачыў, як усё гэта арганізоўвалася зь беларускага боку. Іх памежная служба — людзі, што амаль 30 гадоў абаранялі мяжу — сталі інструмэнтам для перакідкі мігрантаў, штурхаючы іх у небясьпечныя сытуацыі па той бок мяжы. Гэта была сыстэмная апэрацыя, арганізаваная ад Менску да мяжы, якая выконвалася пад ціскам і сілай.

Усё гэта стварыла вельмі небясьпечную сытуацыю. Мы здолелі спыніць гэта дзякуючы супрацы з Эўразьвязам і суседзямі. Але гэта не азначае, што пагроза зьнікла. Мы шмат уклалі — умацавалі мяжу, паставілі плот, зьмянілі працэдуры. Аднак з беларускага боку ўсё яшчэ адбываюцца спробы вярнуцца да тых практык.

Вось чаму неабходная адказнасьць. Міжнародная супольнасьць павінна прызнаць, што выкарыстоўваць людзей як зброю супраць суседа — гэта недапушчальна.

— Але Менск імаверна праігнаруе вырак. Гэта ж звычайная практыка.

— Так, але гаворка ня толькі пра іх, але пра ўсталяваньне прыкладу для іншых. Тое ж тычыцца расейскай агрэсіі супраць Украіны ці злачынстваў двух рэжымаў — напрыклад, вывазу 20 000 украінскіх дзяцей і іх індактрынацыю ў Расеі і Беларусі.

Беларускі рэжым таксама павінен адказваць. Без адказнасьці гэтыя злачынствы будуць паўтарацца. Таму цяпер Расея можа перапісваць гісторыю — распавядаць іншую вэрсію пра злачынствы Савецкага Саюзу. Гэтыя злачынствы ніколі не былі разгледжаныя на міжнародным трыбунале, у адрозьненьне ад злачынстваў нацыстаў. Таму яны цяпер сьвяткуюць 9 траўня, падмацоўваючы гэтым сваю агрэсію супраць Украіны.

Цяпер дзеля будучыні, дзеля міжнароднай бясьпекі, мы павінны сказаць: гэта парушэньне міжнароднага права.

— Эўразьвяз і Літва ўвялі санкцыі супраць Беларусі. Ці можна сказаць, што яны былі неэфэктыўнымі? І што павінна адбыцца дзеля скасаваньня санкцый?

— Перш за ўсё, трэба ўспомніць, чаму гэтыя санкцыі былі ўведзеныя. Гэта не была адна падзея. Пасьля сфальсыфікаваных выбараў 2020 году зьявіўся першы пакет. Наступны — пасьля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair, які ляцеў у Літву. І далей, калі Беларусь пачала дапамагаць Расеі ў поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны — яшчэ адзін.

Калі, як кажа Пуцін, мы ліквідуем «корань зла» — толькі тады можна гаварыць пра зьняцьце санкцыяў. А гэта значыць: вызваленьне палітвязьняў — іх у Беларусі яшчэ каля 1200. Гэта найбуйнейшая канцэнтрацыя палітзьняволеных у сьвеце ў мірны час. Таксама мусіць спыніцца перасьлед апазыцыі, выкраданьне і перавыхаваньне ўкраінскіх дзяцей.

Толькі калі гэта ўсё спыніцца, можна будзе гаварыць пра аднаўленьне нармальных гандлёвых дачыненьняў паміж Літвой і Беларусьсю. Але хутка гэта не адбудзецца. Да таго часу, пакуль рэжым [Лукашэнкі] дзейнічае насуперак усім нормам мірнага міжнароднага суіснаваньня, я ня бачу магчымасьці для нармальных адносінаў.

— Ці не баіцеся вы, што санкцыі і абмежаваньні яшчэ далей падштурхнуць беларусаў (і расейцаў у пэўнай ступені) бліжэй да «рускага міру»?

— Мяне гэта непакоіць. Я бачыў розныя этапы: спачатку — зараджэньне ідэі, потым — стварэньне інфраструктуры для яе распаўсюду, і далей — як людзі радыкалізуюцца, пачынаюць верыць у «рускі мір» і расейскі імпэрыялізм.

Лепшае супрацьдзеяньне — гэта ўстойлівасьць нашых уласных грамадзтваў. І здольнасьць больш выразна даводзіць праўду да іх народаў — пра злачынствы іх рэжымаў. Таксама — даваць надзею на будучыню на падставе мірнага суіснаваньня і дэмакратычных каштоўнасьцяў.

Я бачыў, што гэта працуе. Таму мы павінны працягваць сваю справу — перадухіляць перапісваньне гісторыі і не дапускаць нармалізацыі такіх практык, як агрэсія.

— Дык санкцыі ўсё ж працуюць? Ці яны проста падкормліваюць расейскую прапаганду?

— Расейская прапаганда выкруціць што заўгодна. Мы ўжо бачылі, як яны пераказваюць адны і тыя ж гісторыі пад розным соўсам. Але мы ня мусім спыняць свае дзеяньні толькі таму, што яны могуць выкарыстаць гэта супраць нас.

Яны кантралююць сваю інфармацыйную прастору. Але яны ня могуць кантраляваць нашу — вольны сьвет. І мы павінны яе захаваць. Мы павінны рабіць тое, што робім.

Санкцыі эфэктыўныя. Я ня бачыў ніводнага дасьледаваньня, якое сьведчыла б пра адваротнае. Яны ўплываюць на абаронную прамысловасьць Расеі, на яе вытворчыя магчымасьці. Яны не зьмянілі палітычныя паводзіны і рашэньні, але аслабілі магчымасьці ў цэлым. Таму трэба працягваць. Бо ціск — адзінае, што працуе супраць Пуціна.

  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG