Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі абвясьцілі праваабарончую арганізацыю Amnesty International «непажаданай». Што гэта значыць


Сымболіка Amnesty International
Сымболіка Amnesty International

Такое рашэньне ўхваліла Генэральная пракуратура Расеі.

У ведамстве сьцьвярджаюць, што лёнданская штаб-кватэра арганізацыі нібыта «зьяўляецца цэнтрам падрыхтоўкі глябальных русафобскіх праектаў, аплачаных памагатымі» Ўкраіны.

Удзельнікі Amnesty International, лічаць у пракуратуры, падтрымліваюць «экстрэмісцкія» арганізацыі і фінансуюць дзейнасьць «замежных агентаў».

У сакавіку 2025 года Amnesty International апублікавала даклад, у якім гаворыцца, што расейскія ўлады падвяргалі ўкраінскіх ваеннапалонных і затрыманых грамадзянскіх асоб катаваньням, працягламу ўтрыманьню пад вартай без сувязі са зьнешнім сьветам, гвалтоўным зьнікненьням і іншым відам бесчалавечнага абыходжаньня. Праваабаронцы лічаць, што такое абыходжаньне раўназначнае ваенным злачынствам і злачынствам супраць чалавечнасьці.

Генэральны пракурор таксама абвінаваціў «Amnesty International» у тым, што яна «робіць усё магчымае», каб дапамагчы ўзмацніць ваеннае супрацьстаяньне, у тым ліку апраўдвае «злачынствы ўкраінскіх неанацыстаў».

Крэмль неаднаразова і ілжыва сьцьвярджаў, што Ўкраінай нібыта кіруюць «радыкальныя нацыяналістычныя» і нэанацысцкія групоўкі, і выкарыстоўвае гэта як адно з апраўданьняў для пачатку паўнамаштабнага ўварваньня ў суседнюю краіну ў лютым 2022 года.

Чым вядомая Amnesty International

Amnesty International — міжнародная няўрадавая арганізацыя, заснаваная ў Вялікабрытаніі ў 1961 годзе. Аснову яе працы, як зазначаецца на сайце, складаюць палявыя дасьледаваньні і аналіз праблем з правамі чалавека, актывісцкая дзейнасьць на месцах, кампаніі міжнароднай салідарнасьці, а таксама ўзаемадзеяньне з урадамі і грамадзянскай супольнасьцю ў мэтах прасоўваньня правоў чалавека.

Ад «Amnesty International», якая была ўзнагароджана Нобэлеўскай прэміяй міру ў 1977 годзе за «абарону чалавечай годнасьці ад катаваньняў» і прэміяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у галіне правоў чалавека ў 1978 годзе, не паступіла неадкладных камэнтароў на рашэньне ў Расеі.

Што такое «непажаданая арганізацыя» ў Расеі

Закон аб «непажаданых арганізацыях», прыняты ў 2015 годзе, зьяўляецца падтрыманай Крамлём рэгуляцыяй адносна арганізацый, якія атрымліваюць фінансаваньне з замежных крыніц.

Расея сьцьвярджае, што арганізацыі са сьпісу нібыта ўяўляюць пагрозу для нацыянальнай бясьпекі краіны. Аднак экспэрты кажуць, што гэта проста спроба расейскіх уладаў задушыць любыя галасы, якія не супадаюць з поглядамі Крамля.

У апошнія гады ў сьпіс былі ўключаны дзясяткі СМІ, арганізацый, якія займаюцца палітычнай, культурнай і адукацыйнай дзейнасьцю, падтрымліваюць дэмакратычныя інстытуты, а таксама рэлігійныя арганізацыі.

У студзені 2024 года ў сьпіс было ўключана Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода.

Прызнаньне арганізацыі непажаданай азначае забарону на яе дзейнасьць у Расеі. Супрацоўніцтва з такой арганізацыяй, у тым ліку і за мяжой, расейскія ўлады разглядаюць як правапарушэньне ці злачынства.

Грамадзянам Расеі пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі за супрацоўніцтва з «непажаданымі» арганізацыямі або садзейнічаньне іх фінансаваньню ў Расеі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG