Раскамнагляду не спадабалая зьмесьціва, публікаванае «Новым часам». Расейскае агенцтва падало скаргу ў Amazon, на плятформе якога месьціцца люстэрка сайту.
Рэдакцыя «Новага часу» паведаміла, што 1 траўня атрымала ад Amazon копію скаргі расейскага ведамства. У дакумэнце Раскамнагляд настойваў, што доступ да сайту варта абмежаваць, калі СМІ адмовіцца выдаліць «інфармацыю, распаўсюджаную з парушэньнем заканадаўства».
Якая канкрэтна інфармацыя мелася на ўвазе, падаўца скаргі не ўдакладніў.
Рэдакцыя патлумачыла Amazon, што дзейнічае выключна ў рамках заканадаўства ЗША, эўрапейскага права і міжнародных прававых нормаў, якія гарантуюць свабоду слова. Выданьне адпрэчыла любыя здагадкі пра незаконнасьць у публікацыях. Плятформа прыслухалася да довадаў, люстэрка сайту ня выдалілі.
«Мы працягнем нашу працу, у тым ліку па перадачы дакладнай, фактычнай інфармацыі пра вайну ва Ўкраіне, становішчы з правамі чалавека і палітычных зьняволеных, а таксама супраціве дыктатуры і прапагандзе. А таксама пра айчынную і сусьветную гісторыю, палітыку, эканоміку — пра ўсё, што важна ведаць і разумець людзям, якім неабыякавая будучыня Беларусі як свабоднай, дэмакратычнай, незалежнай краіны», — адзначыў «Новы час».
Грамадска-палітычная газэта «Новы час» з 2002 па жнівень 2021 году выходзіла ў друкаванай вэрсіі. Сайт novychas.by быў заблякаваны ў Беларусі ў кастрычніку 2021-га. Працуе сайт-люстэрка novychas.online.
У студзені 2024 году ўлады прызналі зьмесьціва сайту выданьня і яго старонак у сацыяльных сетках «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Раскамнагляд — расейскі фэдэральны орган выканаўчай улады, які займаецца рэгуляваньнем сувязі, інфармацыйных тэхналёгій і СМІ. Ён таксама рэгулюе абарону пэрсанальных зьвестак і працу радыёчастотнай службы.
Служба падпарадкоўваецца Міністэрству лічбавага разьвіцьця, сувязі і масавых камунікацый Расеі. Створаная ў сьнежні 2008 году ўказам прэзыдэнта, якім тады быў Дзьмітрый Мядзьведзеў.
З 2022 году Раскамнагляд знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу як «дэзынфармацыйная арганізацыя».
Форум