Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чорныя і белыя кашулі на акцыі ў Вільні сталі сымбалямі тых, хто ўвязьнены і хто памёр у турмах Беларусі. ФОТА


На акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ў Вільні. 18 траўня 2025
На акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ў Вільні. 18 траўня 2025

У Вільні прайшлі акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі.

21 траўня адзначаецца Дзень салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі, ён прымеркаваны да чацьвёртых угодкаў сьмерці ў шклоўскай турме Вітольда Ашурка.

Імпрэзы да гэтай даты пачаліся 18 траўня ў Вільні на Катэдральным пляцы і будуць працягвацца цэлы тыдзень у розных краінах.

Асацыяцыя беларускіх палітвязьняў і грамадзкая арганізацыя «Дапамога» зладзілі ў цэнтры Вільні акцыю «Рука дапамогі», забег на сымбалічныя 2334 мэтры (па нумары артыкула, па якім масава судзілі ў Беларусі ўдзельнікаў акцый пратэсту) ад Алеі беларускай дэмакратыі, што знаходзіцца каля Сейму Літвы, да Катэдральнай плошчы, і мітынг.

Партрэт Вітольда Ашурка на акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ў Вільні. 18 траўня 2025
Партрэт Вітольда Ашурка на акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ў Вільні. 18 траўня 2025

На мітынгу прачыталі апошні ліст Вітольда Ашурка да маці Алены Міронаўны, у якім ён супакойваў яе і абяцаў хуткую сустрэчу, што ўжо ніколі не адбылася.

Сам Вітольд памёр 21 траўня 2021 года ў шклоўскай турме, а ягоная маці — праз тры гады ў Бярозаўцы на Горадзеншчыне.

Апрача Ашурка такі ж лёс спаткаў Алеся Пушкіна, Мікалая Клімовіча, Ігара Ледніка... Усяго сем партрэтаў са зьнічкамі і кветкамі паставілі каля віленскай катэдры.

Партрэты памерлых у беларускіх турмах на акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ў Вільні. 18 траўня 2025
Партрэты памерлых у беларускіх турмах на акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ў Вільні. 18 траўня 2025

У іншай інсталяцыі сярод дзясяткаў чорных кашуль, якія сымбалізавалі 1200 цяперашніх палітвязьняў, было 7 белых кашуль.

Чорныя і белыя кашулі на акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ў Вільні. 18 траўня 2025
Чорныя і белыя кашулі на акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ў Вільні. 18 траўня 2025

«Белыя кашулі сымбалізуюць душы памерлых у турмах палітвязьняў, нашых анёлаў»,— сказалі Свабодзе арганізатары акцыі, якія зрабілі гэтую інсталяцыю, самі былыя палітвязьні, рэпрэсаваныя і ўцекачы зь Беларусі.

У Вільні прайшлі акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі
У Вільні прайшлі акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі

Сьвятлана Ціханоўская на мітынгу згадала тых, каму не дазволена атрымліваць лісты або перадачы, бо яны занесеныя ў сьпісы «асабліва небясьпечных», якіх трымаюць у поўнай ізаляцыі ад зьнешняга сьвету, інкамунікада.

«Гэта выпадак Аляксандра Арановіча, Віктара Бабарыкі, Максіма Знака, Марыі Калесьнікавай, Уладзіміра Кнігі, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча — а таксама майго мужа, Сяргея Ціханоўскага. Мы, іх блізкія, жывем у поўнай невядомасьці: ці жывыя яны наагул? Я ўжо ня ведаю, што адказваць дзецям на пытаньне «Калі тата вернецца?» — сказала Ціханоўская.

Ад яе мужа Сяргея Ціханоўскага няма вестак ужо 800 дзён.

У Вільні прайшлі акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі
У Вільні прайшлі акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі

Праваабаронца Леанід Судаленка расказаў, якая дапамога палітвязьням магчымая, і што можна рабіць ужо цяпер:

«Лісты падтрымкі, публічнасьць і інфармацыйны ціск, падтрымка сямей палітвязьняў. Напісаць хаця б 1 ліст на тыдзень — гэта ўжо ўнёсак. Пералічыць хоць 5–10 € у фонд — гэта ўжо падтрымка. Зрабіць пост, згадаць імя палітвязьня — гэта ўжо справа. Размаўляць з сябрамі, удзельнічаць у кампаніях — гэта ўжо ўчынак. Найлепшая салідарнасьць — гэта салідарнасьць штодзённая, ціхая і ўпартая».

Удзельнікі забегу ў Вільні на акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі.
Удзельнікі забегу ў Вільні на акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі.

Ад Сейма Літвы да віленскай катэдры прайшоў забег, удзельнікі якога мелі на сваіх кашулях біркі зь імёнамі палітвязьняў, за які яны беглі.

Аляксандар Дабравольскі бег за Тацяну Кузіну.

«Ня трэба забывацца, што ёсьць людзі, якія ня могуць ні бегчы, ні быць з роднымі, ні быць дома. Мы можам выказаць салідарнасьць зь імі такім чынам. Я бягу на знак салідарнасьці з Тацянай Кузінай, якую добра ведаю. Яна выпускніца школы палітычных дасьледьваньняў, выдатны палітоляг, якая апынулася за кратамі толькі за тое, што камэнтавала падзеі, за сваю прафэсійную дзейнасьць».

Натальля Калегава (справа) на акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ў Вільні
Натальля Калегава (справа) на акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ў Вільні

Натальля Калегава, у будынку якой у Вільні знайшлі прытулак многія былыя палітвязьні, кажа, што гэтыя акцыі для яе — гэта падзея надзеі.

«Таму што шмат людзей, якіх мы тут ужо бачым, гэта былыя палітвязьні. Але былых палітвязьняў не бывае. Гэта яшчэ доўга застаецца зь імі, у іх дзеяньнях, у іх поглядах. І гэта ня толькі нам, але і ім дае магчымасьць выявіць салідарнасьць з тымі, хто там яшчэ застаўся, на фронце. Таму што турма — гэта фронт. Статкевіч некалі сказаў: „Пакуль людзі сядзяць у турме, тлее агонь рэвалюцыі“. Ім ёсьць магчымасьць паказаць, што яны разам, а мы — гэта такі тыл цяпер, і мы паказваем гэта ўсім палітвязьням, і гэта дае надзею, што мы вернемся ў вольную Беларусь».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG