Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чэрвені запусьцяць аўтобусны маршрут зь Беларусі да мяжы непрызнанай Абхазіі


Будынак у Сухуме, архіўны здымак
Будынак у Сухуме, архіўны здымак

Аўтобусы будуць ехаць да пункту пропуску „Псоу“, разьмешчанага на мяжы Расеі і самаабвешчанай рэспублікі Абхазія, якая паводле міжнародных законаў зьяўляецца часткай Грузіі.

Выданьне „Эхо Кавказа“ вывучыла інфармацыю, разьмешчаную на сайце Probilets. Адпраўленьне першага аўтобусу заплянаванае на 26 чэрвеня. Далей рэйсы будуць выконвацца раз на чатыры дні. Час у дарозе складае 1 дзень, 13 гадзін і 20 хвілін.

Напрыклад, калі турыст выедзе зь Менску 26 чэрвеня ў 19:30, ён прыбудзе да КПП „Псоу“ 28 чэрвеня ў 08:50. Пры гэтым перасякаць дэ-факта мяжу ў пункце пропуску і дабірацца адтуль да патрэбнага месца ў Абхазіі пасажырам давядзецца самастойна.

Кошт дарослага білету — 345 беларускіх рублёў (105 даляраў), дзіцячага — 241,5 рубля (73 даляры).

На сайце Probilets квіткі даступныя пры пошуку кірунку „Менск — КПП Псоу (мяжа з Абхазіяй)“.

Таксама пазначаны кірунак „Менск — Псоу Грузія“, аднак у гэтым выпадку квіткі недаступныя.

Наведваньне Абхазіі парушае грузінскі закон „Аб акупаваных тэрыторыях“, які прадугледжвае штрафы або пазбаўленьне волі за прыезд у Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Аднак у час кіраваньня партыі „Грузінская мара“ затрыманьні за наведваньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі не практыкуюцца — грамадзянам замежных дзяржаў грузінскія памежнікі могуць проста адмовіць ва ўезьдзе ў краіну.

Беларусь афіцыйна не прызнае незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, аднак беларускі аўтарытарны кіраўнік Аляксандар Лукашэнка наведваў Абхазію, за што ў Тбілісі яго абвінавацілі ў парушэньні закону „Аб акупацыі“.

У 2023 годзе Лукашэнка прыняў у Менску абхаскую дэлегацыю на чале з прэзыдэнтам Асланам Бжаніям, а сёлета 9 траўня ў Маскве паразмаўляў з кіраўнікамі самаабвешчаных рэспублік — Аланам Гаглоевым і Бадрам Гунбам.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG