На партале pravo.by апублікавалі пастанову Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, якая дазваляе падвышэньне гранічных максымальна дапушчальных цэнаў на харчовую прадукцыю беларускай вытворчасьці.
Апошні раз гэтыя цэны падвышалі ў лістападзе 2022 году. Цяпер падвышаюць гранічныя максымальныя цэны на прадукцыю для перапрацаваньня — на сьвініну, ялавічыну, яйкі, цукровыя буракі, муку, масла.
Так, цана сьвініны для перапрацаваньня падвысілася з 6600 да 6985 рублёў за тону, або на 5,8%, цана ялавічыны з 9800 рублёў да 10370 за тону, або на 5,8%, на яйкі — з 214 рублёў за тысячу нефасаваных яек да 226,4 рубля, ці на 5,79%. Такім жа чынам, агулам на 5,8%, вырасьлі ўсе астатнія цэны.
Чакаецца, што рашэньне выкліча далейшы рост інфляцыі, прадукты харчаваньня ў першым квартале 2025 году ўжо падаражэлі ў параўнаньні зь першым кварталам мінулага году на 7,5%, агулам інфляцыя за гэты пэрыяд склала 105,9%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МВФ палепшыў прагноз росту валавога прадукту Беларусі ў 2025 годзе- Рэгуляваньне цэнаў урад увёў у 2022 годзе, каб стрымаць інфляцыю. Дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў прывяло да праблемаў у сыстэме гандлю. Як паведамляе Белстат, у студзені 2025 году рэнтабэльнасьць сыстэмы раздробнага гандлю склала 1,4%.
- У 2024 годзе ў краіне было 97 стратных арганізацыяў раздробнага гандлю (у 2023 годзе такіх было 88), гэта 14,4% ад іх агульнай колькасьці. Стратаў на адну такую арганізацыю прыпадала 2,8 мільёна рублёў.
- Такім чынам праз замарожваньне цэнаў урадам гандаль у істоце ператварыўся ў беспрыбытковую дзейнасьць. Скарачэньне пераліку тавараў, цэны на якія рэгулююцца, як чакаецца, паскорыць інфляцыю.
- 21 сакавіка 2025 году Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю анансавала, што ў Беларусі будзе значна скарочаны пералік тавараў, цэны на якія рэгулюе дзяржава. Цяпер пастанова ўраду рэгулюе цэны на 331 від тавараў.
- 2 красавіка прэс-служба ўраду Беларусі паведаміла, што падпісаны дакумэнт, які ўносіць чарговыя зьмены ў пастанову № 713 «Аб сыстэме рэгуляваньня цэнаў». Гэтай пастановай уведзеную ў Беларусі сыстэму рэгуляваньня цэнаў скарэктавалі ўжо шосты раз.