Няўдалыя спробы Лукашэнкі абараніцца ад наступу «рускага сьвету» — аналіз Валера Карбалевіча

Аляксандар Лукашэнка на ваенным парадзе ў Дзень Перамогі ў Маскве, Расея, 9 траўня 2023 году

З паводзінаў беларускіх уладаў можна зрабіць выснову, што Расея на афіцыйным ці паўафіцыйным узроўні патрабуе поўнай уніфікацыі з расейскай сымболікай. Прычым, ціск робіцца такі вялікі, што Аляксандр Лукашэнка вымушаны быў публічна апраўдвацца — нават двойчы.

Сьцісла:

  • Лукашэнка апраўдваўся ня толькі перад Пуціным, але і перад расейскім амбасадарам за выкарыстаньне не расейскай, а сваёй, беларускай сымболікі з нагоды сьвята Перамогі.
  • Беларускія прапагандысты кінуліся абараняць Лукашэнку, але абрынуліся не на Расею, а на прарасейскіх актывістаў у Беларусі.
  • Дасюль у пытаньнях унутранай палітыкі Масква мала ўмешвалася, тут Лукашэнка быў у значнай ступені самастойным.
  • Цяпер сытуацыя мяняецца, патрабаваньне Масквы ўніфікаваць ідэалягічныя працэсы, цалкам узяць на ўзбраеньне ідэалягему «рускага сьвету» азначае замах на сымбалічную тэрыторыю, якая дасюль была ў сфэры кантролю Менска.

Напярэдадні сьвяткаваньня юбілею Перамогі нечакана абвастрылася пытаньне пра сымболіку, якая выкарыстоўваецца падчас урачыстасьцяў у Беларусі. Як вядома, з 2015 году тут ужываюцца чырвона-зялёныя бутаньеркі з яблыневай кветкай замест георгіеўскіх стужак. А таксама ў Беларусі існавала свая вэрсія расейскай акцыі «Несьмяротны полк» пад назвай «Беларусь памятае».

З паводзінаў беларускіх уладаў можна зрабіць выснову, што Расея на афіцыйным ці паўафіцыйным узроўні патрабуе поўнай уніфікацыі з расейскай сымболікай. Прычым, ціск робіцца такі вялікі, што Аляксандар Лукашэнка вымушаны публічна апраўдвацца нават двойчы.

Спачатку 29 красавіка ў Валгаградзе падчас перамоваў з Уладзімірам Пуціным беларускі правіцель даводзіў расейскаму прэзыдэнту, што «ніхто не забараняе ні ў якім разе георгіеўскія стужачкі», «нічога дрэннага ня бачу, калі нехта хоча георгіеўскую стужку».

Лукашэнка нават асьмеліўся намякаць на дрэнны бэкграўнд гэтага сымбалю:

«Хаця я пацікавіўся гісторыяй. Раю, вось вазьміце, няхай вам дадуць гісторыкі ўсю інфармацыю пра георгіеўскую стужачку. Мы гэта не адмаўляем. Хаця своеасаблівая ўсё ж гісторыя гэтай георгіеўскай стужачкі».

Магчыма, Лукашэнка меў на ўвазе, што падчас вайны гэтую сымболіку выкарыстоўвалі некаторыя калябаранцкія арганізацыі.

І выказаў папрок: «Ну камусьці трэба пашумець». Потым параіў не зьвяртаць увагі на асобныя нэгатыўныя выказваньні наконт гэтага.

Аднак на гэтым справа не спынілася. 2 траўня Лукашэнка зноў пачаў апраўдвацца. Гэтым разам перад губэрнатарам Астраханскай вобласьці Ігарам Бабушкіным і амбасадарам Расеі ў Беларусі Барысам Грызловым. Як паведамляла прэсавая служба Лукашэнкі, «такая ўвага зьвязана са спробамі ў пэўных колах штучна раскруціць гэтае пытаньне і зрабіць пунктам разладу ў беларуска-расейскіх адносінах».

Фактычна Лукашэнка, хоць намёкам, але даволі празрыста абвінаваціў у распальваньні жарсьцяў вакол сымболікі Перамогі Барыса Грызлова. З ягоных словаў вынікала, што ён нават паскардіўся на расейскага амбасадара Пуціну. А потым стаў апраўдвацца за беларускую сымболіку ўжо перад Грызловым:

«Думаю, сваё павінна быць нейкае адрозьненьне… Але ня трэба супрацьпастаўляць адзін аднаму».

Прайшлі тыя часы, калі Лукашэнка мог запатрабаваць ад Масквы адклікаць расейскага амбасадара, які канфліктаваў з афіцыйным Менскам. Як тое адбылося з паслом Міхаілам Бабічам у 2019 годзе. Цяпер Лукашэнка вымушаны апраўдвацца ня толькі перад Пуціным, але і перад расейскім амбасадарам.

І яшчэ вельмі паказальны сюжэт у зьвязку з сымболікай. Былымі часамі ў момант канфлікту з Расеяй беларускія прапагандысты актыўна падключаліся да сваркі, даказвалі, што Лукашэнка ва ўсім мае рацыю, а Масква пакутуе ад імпэрскіх комплексаў. І цяпер яны кінуліся абараняць правадыра, але абрынуліся не на Расею, а на прарасейскіх актывістаў у Беларусі Вольгу Бондараву, Эльвіру Мірсалімаву і інш. Гэтыя людзі, на думку прапагандыстаў, толькі хаваюцца пад маскай «прарасейскіх», а насамрэч яны «прайдзісьветы і ашуканцы», якія шмат гадоў водзяць за нос амбасаду Расеі і расейскую арганізацыю «Рассупрацоўніцтва».

Чаму ўлады так хваравіта рэагуюць на патрабаваньні Расеі ўніфікаваць ідэалягічныя ўстаноўкі нават на сымбалічным узроўні? Хоць расейскі ўплыў на Беларусь пасьля 2020 году рэзка ўзмацніўся, ён у асноўным распаўсюджваўся на сфэры эканомікі, вонкавай палітыкі, абароны.

А вось у пытаньнях унутранай палітыкі Масква мала ўмешвалася, тут Лукашэнка быў у значнай ступені самастойным. Рашэньні ў эканамічнай сфэры прымаліся без асаблівай аглядкі на Крэмль. Кадравая палітыка была аўтаномнай. У формах і мэтадах барацьбы з апазыцыяй, палітычнымі праціўнікамі Лукашэнка на некалькі гадоў апярэдзіў Пуціна.

І ў ідэалягічнай сфэры да 2020 году Беларусь у значнай ступені адрозьнівалася ад Расеі. Тут было больш настальгіі па савецкім часе. Вялася няспынная прапаганда супраць рынкавых рэформаў, у тым ліку, расейскіх. Дэманізацыя Захаду тут пачалася значна раней, чым у Расеі, яшчэ з сярэдзіны 1990-х гадоў.

Таму цяпер патрабаваньне Масквы ўніфікаваць ідэалягічныя працэсы, цалкам узяць на ўзбраеньне ідэалягему «рускага сьвету» азначае замах на сымбалічную тэрыторыю, якая дасюль была ў сфэру кантролю Менска. Крэмль дае зразумець, што ўлада Лукашэнкі над Беларусьсю звужаецца. Ня дзіва, што ён нэрвуецца і мітусіцца. Але ці не запозна? Ці не давядзецца прапагандыстам хуткім часам апраўдвацца ўжо перад Бондаравай?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што азначае для Беларусі імкненьне Расеі далучыць расейскамоўныя рэгіёны Ўкраіны — аналіз Валера Карбалевіча