Гэта былі першыя сустрэчы з прадстаўнікамі новай адміністрацыі ЗША, паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай:
«Мэты візыту — умацаваньне двухбаковага стратэгічнага дыялёгу, абмеркаваньне наступных крокаў для вызваленьня палітвязьняў, аднаўленьне Акту аб дэмакратыі ў Беларусі (Belarus Democracy Act), аднаўленьне падтрымкі для незалежных мэдыя і Радыё Свабода, прызначэньне спэцыяльнага пасланьніка для Беларусі».
Вядома, што ў Кангрэсе ЗША Ціханоўская сустрэлася з кангрэсмэнамі Крыстафэрам Сьмітам, Джо Ўілсанам, Марыё Дыяс-Баляртам, Чакам Эдвардсам, сэнатарамі Дэнам Саліванам, Рыкам Скотам, Джын Шагін, Дыкам Дурбінам і Роджэрам Уікерам.
Таксама адбыліся брыфінгі з дарадцамі сэнатараў у нацыянальнай бясьпецы і прадстаўнікамі Рэспубліканскай партыі, у тым ліку блізкімі да прэзыдэнта Дональда Трампа, паведамілі ў прэсавай службе.
Ціханоўская таксама прыняла ўдзел у сустрэчы лідэраў Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі з удзелам віцэ-прэзыдэнта ЗША Дж. Д. Вэнса, выступіла ў Hudson Institute і Міжнародным рэспубліканскім інстытуце, дзе абмяркоўвалі закрытыя палітычныя рэжымы — Беларусь, Вэнэсуэлу, КНДР.
Сьвятлана Ціханоўская, сярод іншага, заявіла ў Вашынтоне, што «Беларусь павінна быць часткай стратэгіі ЗША ў рэгіёне, бяз вольнай Беларусі ня будзе трывалага міру ў Эўропе».
Падчас візыту ў Вашынгтон Ціханоўская таксама сустрэлася зь беларускай дыяспарай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ўручыла мэдалі некалькім дзеячам беларускай эміграцыі