Парослыя месцы трагедыі. У Беларускім музэі ў Вільні адкрываецца нечаканая выстава памяці ахвяраў Галакосту

Марыя Гвардзейцава падчас рыхтаваньня выставы «Горкія зёлкі»

17 траўня ў Беларускім музэі імя Луцкевіча ў Вільні пачынае працу выстава Марыі Гвардзейцавай пад назвай «Горкія зёлкі». У ёй памяць пра Галакост асэнсоўваецца праз прызму прыроды, паведамілі арганізатары выставы.

Мастачка Марыя Гвардзейцава наведала 12 месцаў масавых пахаваньняў ахвяраў Галакосту ва Ўсходняй Эўропе і сабрала расьліны зь іх.

Гэтыя зёлкі, высушаныя і захаваныя ў батанічных атлясах, сталі асноваю сэрыі каляжаў і інсталяцыяў.

На выставе сушаныя расьліны суседзяць з чалавечымі валасамі і лятэкснымі слаямі, што імітуюць скуру. На думку стваральнікаў экспазыцыі, гэта паказвае, як памяць увасабляецца ў зямлі, целе і расьлінах.

«Гэты праект пра зёлкі, лясы і помнікі — пра ўсё, што засталося ад соцень тысяч забітых людзей», — кажа Гвардзейцава.

Мастачка пераасэнсоўвае словы Ганны Арэнт і пытаецца: «Наколькі трэба забыцца, каб памятаць?»

Куратарка выставы Мая Кацнельсон адзначае:

«Памяць выходзіць за межы афіцыйных помнікаў: „Горкія зёлкі“ бачаць лясы і травы як жывыя мэмарыялы, як ціхіх захавальнікаў памяці».

Выстава адкрыецца вэрнісажам 17 траўня а 16-й гадзіне і будзе працаваць да 17 ліпеня ў Беларускім музэі імя Луцкевіча на вуліцы Віленскай, 20.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад забарону трапілі нават фальклёр і міталёгія. Маніторынг культурнага ўціску ў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беластоку сабралі грошы на ўтрыманьне магілаў беларускіх дзеячоў на 20 гадоў