У заяве Рады БНР гаворыцца, што 30 гадоў таму ў Беларусі з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі, якога яна называе стаўленьнікам Масквы, у Беларусі правялі «рэфэрэндум», які меў разбуральныя наступствы для нацыі:
«У выніку было гвалтоўна спыненае нацыянальнае Адраджэньне, беларуская мова загнаная ў гета, парлямэнтарызм зьнішчаны, а краіна палітычна і эканамічна прывязаная да Расеі».
Рада БНР зазначыла, што той рэфэрэндум меў антыканстытуцыйны характар, быў прызначаны незаконна, праз зьбіцьцё дэпутатаў парлямэнту, падчас яго правядзеньня адбываліся парушэньні заканадаўства і фальсыфікацыі. Таму, як мяркуе Рада БНР, вынікі гэтага рэфэрэндуму ня маюць юрыдычнай сілы.
«Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўхваляе грамадзянскую пазыцыю беларусаў, якія і на Бацькаўшчыне, і ў эміграцыі захоўваюць вернасьць бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу „Пагоня“, адданасьць беларускай мове, прынцыпам дэмакратыі. У новай вольнай Беларусі нацыянальным сымбалям і беларускай мове будзе вернуты іх законны статус, парушаны антыканстытуцыйным рэфэрэндумам 1995 году», — зазначыла Рада БНР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра рэфэрэндум, які 30 гадоў таму зьмяніў лёс БеларусіШто такое Рада БНР
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада БНР — найвышэйшы кіроўны орган Беларускай Народнай Рэспублікі, які з 1919 году дзейнічае на эміграцыі і зьяўляецца адной з ключавых палітычных арганізацый беларускай дыяспары.
Рада БНР захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасьць з радай Усебеларускага зьезду 1917 году і ў 2022 годзе заставаўся найстарэйшым у сьвеце «ўрадам у выгнаньні». Раду БНР узначальвае Івонка Сурвіла.
2 ліпеня 2023 году КДБ Беларусі прызнаў Раду БНР «экстрэмісцкім фармаваньнем». А неўзабаве Генэральная пракуратура пачала ў дачыненьні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі крымінальную справу паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сярод іх — «змова з мэтаю захопу ўлады», кіраўніцтва «экстрэмісцкім фармаваньнем», «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» і іншыя.
Суд Цэнтральнага раёну Менску 12 верасьня 2023 году прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт Рады БНР, яе старонкі ў сацыяльных сетках і лягатып. Таксама «экстрэмісцкімі» прызналі ўзнагароды Рады БНР — мэдалі «Ордэн Пагоні», «За баявыя заслугі», мэдаль да 100-годзьдзя БНР, ордэн Жалезнага рыцара ды іх лічбавыя выявы.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі тады ў адказ заявіла, што «прыняла да ведама інфармацыю аб сваім уключэньні ў сьпіс „экстрэмісцкіх фармаваньняў“ з боку КДБ Рэспублікі Беларусь — карнага органу, за якім яшчэ з часоў Леніна цягнецца ланцуг злачынстваў і тэрору супраць беларускага народу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усяго 8 адсоткаў. За 10 гадоў школьнікаў, якія вучацца па-беларуску, паменела на траціну