Аўстрыя перамагла на конкурсе песьні «Эўравізія 2025»

Аўстрыйскі сьпявак JJ падчас выступу на «Эўравізіі 2025»

Гранд-фінал 69-га конкурсу песьні «Эўравізія» прайшоў у швайцарскім Базэлі.

Аўстрыю на «Эўравізіі-2025» прадстаўляў 23-гадовы сьпявак JJ, у жыцьці Яганэс Пітш.

У галасаваньні журы сьпявак JJ атрымаў 258 балаў. Гледачы падарылі яму 176 дадатковых балаў, што дазволіла яму забраць агульную перамогу ў конкурсе.

У галасаваньні гледачоў перамагла прадстаўніца Ізраілю Юваль Рафаэль, якая выконвала баляду New day will rise. Замыкае тройку эстонскі выканаўца Томі Кэш.

Для выступу на «Эўравізіі» JJ выбраў песьню Wasted Love — эмацыйную баляду на стыку поп-музыкі, опэры і электроннай драмы. Трэк быў напісаны ў сааўтарстве з Тэадорай Шпірыч (прадстаўніцай Аўстрыі ў 2023 годзе).

Як расказаў сам JJ, ідэя песьні нарадзілася з асабістага досьведу: у 2024 годзе ён перажыў складанае расстаньне і доўгі час спрабаваў знайсьці спосаб выказаць гэтыя пачуцьці.

Праўда, у адным з інтэрвію сьпявак JJ адзначыў, што натхненьнем для яго песьні Wasted Love стала расейская опэрная сьпявачка Ганна Нятрэбка, вядомая сваёй актыўнай падтрымкай палітыкі Пуціна.

***

Беларусь ня можа ўдзельнічаць у «Эўравізіі» ад ліпеня 2021 году. Летась Эўрапейскі трансьляцыйны зьвяз паведаміў, што гэтае рашэньне бестэрміновае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Таксычная маскуліннасьць, 19 моваў і вірусна папулярныя трэкі. Чаго вы маглі ня ведаць пра Эўравізію-2025
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Поп-опэра, вечарына ў саўне і шчыры шансон на францускай. Што варта ведаць пра фаварытаў «Эўравізіі-2025». ВІДЭА