Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет Рэспублікі прыняў законапраект аб амністыі. Карупцыянэрам палёгка будзе, палітвязьням — не


Будынак Савету Рэспублікі (раней — Нацыянальнай бібліятэкі) у Менску. Архіўнае фота
Будынак Савету Рэспублікі (раней — Нацыянальнай бібліятэкі) у Менску. Архіўнае фота

Пасьля Палаты Прадстаўнікоў законапраект аб амністыі ўхваліла і верхняя палата Нацыянальнага Сходу — Савет Рэспублікі.

На сэсіі Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу 2 траўня ўхвалілі праект закону аб амністыі ў сувязі з 80-годзьдзем перамогі ў вайне.

Паводле інфармацыі Савету Рэспублікі, у праекце прадугледжана раней ня суджаным асобам, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту і асуджаныя на пазбаўленьне волі да шасьці гадоў уключна, замяніць пакараньне мякчэйшым — у выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (хатняя хімія).

Прапанавана таксама скараціць тэрмін пакараньня на адзін год:

  • жанчынам, якія маюць трох і больш дзяцей ва ўзросьце да 18 гадоў, не пазбаўленым бацькоўскіх правоў, асуджаным за ўчыненьне забойства або прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня, якое прывяло да сьмерці без прыкметаў, якія абцяжваюць адказнасьць;
  • жанчынам і адзінокім мужчынам, якія маюць дзяцей ва ўзросьце да 18 гадоў, не пазбаўленым бацькоўскіх правоў, якія ўчынілі злачынствы, зьвязаныя зь незаконным абарачэньнем наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў;
  • раней ня суджаным асобам, якія ўчынілі злачынствы, зьвязаныя зь незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, акрамя асобаў, якія ўчынілі злачынствы, прадугледжаныя часткай 5 артыкулу 328 КК;
  • асобам, якія зьдзейсьнілі ва ўзросьце да 18 гадоў злачынствы, зьвязаныя зь незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў;
  • асобам, якія зьдзейсьнілі карупцыйныя злачынствы.

Таксама ў законапраекце прапануецца вызваліць ад пакараньня і іншай крымінальнай адказнасьці асобаў, хворых на сухоты і залічаных да IА, IIА, III групаў дыспансэрнага назіраньня; з анкалягічнымі захворваньнямі 2-й, 4-й клінічных групаў; з онкагематалягічнымі захворваньнямі і дэпрэсіямі крыветварэньня, якія маюць паказаньні да спэцыяльнага лячэньня; ВІЧ-інфікаваных з 3-й і 4-й стадыямі захворваньня клінічнай клясыфікацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя; пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварыяў.

Міністар унутраных справаў Іван Кубракоў заявіў, што амністыя закране і асуджаных за нясплату алімэнтаў, але абавязковая ўмова — поўнае пагашэньне запазычанасьці.

Паводле папярэдніх падлікаў, амністыя «ў гонар 80-годзьдзя перамогі» закране 7630 асуджаных.

Амністыя не закране асобаў, якія ўчынілі злачынствы, прадугледжаныя ч. 1 арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі), чч. 1 і 2 арт. 350 (зьнішчэньне, блякаваньне ці мадыфікацыя кампутарнай інфармацыі) КК, і асобаў, якія маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці».

Апошні пункт, відавочна, пра палітычных вязьняў. КДБ і МУС часта ўносяць асуджаных паводле «палітычных» артыкулаў у сьпісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», а таксама выносяць ім беспрычынныя папярэджаньні ў турмах, саджаюць у карцары і крытыя турмы, каб у выніку яны не падлягалі амністыі. Амністыі папярэдніх гадоў таксама ня тычыліся палітычных зьняволеных.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG