Фэдэральнае ведамства аховы канстытуцыі Нямеччыны прызнала партыю «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD) праваэкстрэмісцкай арганізацыяй на фэдэральным узроўні.
У спэцслужбе зазначаюць, што падчас усебаковай экспэртызы дзейнасьці партыі пацьвердзіліся прыкметы таго, што дзеяньні «Альтэрнатывы для Нямеччыны» накіраваныя супраць свабоднага дэмакратычнага ладу.
«У партыі пераважае ўяўленьне пра народ паводле этнічнай і родавай прыкметы, што несумяшчальна з асновамі лібэральнага дэмакратычнага ладу. Яно мае мэтай выключэньне пэўных групаў насельніцтва з роўнага ўдзелу ў жыцьці грамадзтва, іх дыскрымінацыю, што не адпавядае Канстытуцыі, і тым самым наданьне ім юрыдычна абясцэненага статусу», — гаворыцца ў паведамленьні.
Рэйтынг партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны», якая выступае з антыімігранцкімі тэзамі, за апошнія месяцы вырас. За яе гатовыя прагаласаваць 25% грамадзян Нямеччыны, як вынікае з апытаньня інстытуту Ipsos, апублікаванага 9 красавіка. На другім месцы кансэрватыўны блёк ХДЗ/ХСЗ з 24%, а на трэцім — Сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны з 15%.
Партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» праварадыкальная. Яна выступае супраць мігрантаў і адносіцца да разраду эўраскептычных, падтрымлівае палітыку Расеі і асабіста яе кіраўніка Ўладзіміра Пуціна, а таксама ягонага хаўрусьніка ў Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Раней суд у Саксоніі прызнаў экстрэмісцкай арганізацыяй мясцовую арганізацыю партыі.
3 красавіка 2025 году сябра партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD) Ульрых Зынгер прыяжджаў у Беларусь на запрашэньне праўладнай Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі (ЛДПБ). Як заявіў тады дзяржаўным СМІ кіраўнік ЛДПБ, намесьнік старшыні пастаяннай камісіі ў міжнародных справах ніжняй палаты парлямэнту Алег Гайдукевіч, мэтай візыту нямецкага дэпутата было «разьвіцьцё адносін паміж Беларусьсю і Нямеччынай, Эўрапейскім Зьвязам».
Раней журналісцкае расьсьледаваньне паказала, што дэпутат партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» ад фэдэральнай зямлі Саксонія Ёрг Дорнаў мае бізнэс у Беларусі. На ягонай плянтацыі цыбулі пад Лідай працавалі палітвязьні. Ягоная кампанія «Цыбулька-Бел» падпісала ўгоду зь Лідзкім ЦІП (цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў).
Пра свой бізнэс у Беларусі Ёрг Дорнаў адкрыта не расказваў, пакуль да тэмы не дабраліся журналісты. Як паведамляла выданьне welt.de, дэпутат парушыў патрабаваньне раскрываць падобную інфармацыю, бо не паведаміў у сваёй дэклярацыі аб прадпрыемстве ў Беларусі. За гэта яго аштрафавалі на 20 862 эўра.
Паводле выданьня, Дорнаў «некалькі разоў сустракаўся з прыхільнікамі беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, аднак утаіў інфармацыю пра гэта». Пазьней кампанію «Цыбулька-Бел» уключылі ў новы санкцыйны пакет Эўразьвязу.
Форум