Пра гэта паведаміла «Нашай Ніве» ягоная жонка Алена Дзенісавец.
Паводле яе словаў, урад ЗША вядзе спэцыяльную праграму рэабілітацыі. Яе праходзяць усе амэрыканскія грамадзяне, якія вызваляюцца са зьняволеньня за мяжой. Яна ўключае мэдычнае абсьледаваньне, псыхалягічную дапамогу, а таксама дапамогу з працаўладкаваньнем, падтрымку сям’і.
Юрась Зянковіч цяпер праходзіць гэтую праграму. Мэдычнае абсьледаваньне паказала, што са здароўем у яго ўсё добра. Аднак патрабуецца пэўны час, каб аднавіцца.
Юрась Зянковіч 30 красавіка быў вызвалены з турмы ў Беларусі. Ягоны здымак, зроблены ў амэрыканскай амбасадзе ў Вільні, зьявіўся ў сеціве на старонцы амэрыканскай журналісткі і адвакаткі Грэты ван Сутэрэн.
«На просьбу адміністрацыі прэзыдэнта ЗША грамадзянін Злучаных Штатаў Амэрыкі Зянковіч Юры Леанідавіч быў вызвалены», — заявіла 1 траўня прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант.
Пра вызваленьне асуджанага ў 2022 годзе на 11 гадоў пазбаўленьня волі ў палітычна матываванай «справе змоўцаў» беларуска-амэрыканскага адваката стала вядома ўвечары 30 красавіка. Пасьля першага прысуду Зянковічу яшчэ павялічвалі тэрмін. У верасьні і студзені ў беларускай тэлевізіі паказалі прапагандысцкія фільмы зь ягоным удзелам.