Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парад у Менску 9 траўня прызначылі на позьні вечар


Парад у Менску ў 2020 годзе
Парад у Менску ў 2020 годзе

Вайсковы парад, прысьвечаны 80-й гадавіне Перамогі, у Менску пачнецца 9 траўня ў 20:30.

Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры паведаміў намесьнік міністра абароны Аляксандар Навуменка:

«Парад 9 траўня пройдзе ў складзе паветранага эшалёну, пешай і мэханізаванай калёнаў. Пачатак вайсковага параду — 20:30. У складзе паветранага эшалёну пройдуць 39 паветраных суднаў (12 верталётаў і 27 самалётаў). Зь іх 35 адзінак ад Міністэрства абароны Беларусі і 4 адзінкі авіяцыйнай тэхнікі ад Расейскай Фэдэрацыі. Расею будзе прадстаўляць авіяцыйная група найвышэйшага пілятажу «Рускія віцязі» на самалётах Су-30СМ. У рыхтаваньне паветранага эшалёну залучана 48 суднаў, у тым ліку 9 запасных», — сказаў ён.

Дзяржаўныя СМІ раней называлі іншы час — 18:00.

Сьвяточны салют у Менску 9 траўня пачнецца ў 21:40, паведамілі ў Менгарвыканкаме. Яго запусьцяць у шасьці месцах, асноўная пляцоўка будзе каля гатэлю «Беларусь».

Апрача яе, салют будзе

  • у парку імя Паўлава,
  • у мікрараёне Дразды,
  • у парку імя Уга Чавэса,
  • на пляцоўцы «Чыжоўка-Арэны»,
  • ля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Вайсковы парад да Дня перамогі 9 траўня пройдзе таксама ў расейскай сталіцы Маскве. Там ён пачнецца ў 10:00. На гэты парад запрасілі Аляксандра Лукашэнку. Ён раней пацьвердзіў сваю прысутнасьць.

У Дзень перамогі 9 траўня асабовы склад органаў унутраных справаў і ўнутраных войскаў Беларусі з 6:00 перавядуць на «ўзмоцнены варыянт нясеньня службы».

Супрацоўнікі міліцыі будуць несьці службу як у форме, так і ў цывільным, ува ўсіх месцах правядзеньня масавых захадаў «будуць задзейнічаны магчымасьці рэспубліканскай сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі».

У асобных месцах, у тым ліку на месцы правядзеньня параду, разгорнуць кантрольна-прапускныя пункты, дзе будуць праводзіць асабісты надгляд. Забароненыя рэчы, паведаміў міліцэйскі начальнік, можна будзе здаць у часовыя камэры захоўваньня.

Каля месцаў правядзеньня сьвяточных імпрэзаў 9 траўня будзе абмежаваны рух транспарту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG