У красавіку 2025 года зафіксавалі больш за 50 фактаў палітычных рэпрэсій пасьля 209 у сакавіку, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна» ў штомесячным аглядзе сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Зьніжэньне паказчыкаў праваабаронцы зьвязваюць са «спыненьнем доступу да раскладу судоў».
Усяго з 2020 года мінімум 8234 чалавекі зазналі крымінальны перасьлед паводле палітычных матываў, у дачыненьні не менш як 6940 зь іх вынесеныя выракі, ня меней за 33 накіраваныя на прымусовае лячэньне, гаворыцца ў аглядзе.
Колькасьць палітычных вязьняў на канец месяца склала 1.206 чалавек (з іх 159 — жанчыны). У красавіку палітвязьнямі прызналі 41 чалавека.
З траўня 2020 года рашэньні аб прызнаньні палітвязьнямі былі прынятыя ў дачыненьні да больш чым 3920 чалавек. 2716 зь іх (572 жанчыны) ужо выйшлі на волю ў сувязі з адбыцьцём тэрміну, вызваленьнем ад пакараньня, зьменай меры стрыманьня.
На канец красавіка праваабаронцам было вядома пра 51 палітвязьня, дадаткова асуджанага да пазбаўленьня волі нібыта за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы» (арт. 411 КК). Частка зь іх, зьвяртаюць увагу праваабаронцы, адбыла «свае адвольна падоўжаныя тэрміны». Усяго паводле арт. 411 рэпрэсаваныя 56 чалавек, некаторыя — неаднаразова.
На 12 сакавіка 2025 года праваабаронцы валодалі інфармацыяй пра не менш за 219 палітвязьняў, што знаходзяцца за кратамі «ў асаблівай рызыцы». Мінімум 78 чалавек маюць цяжкія захворваньні, 8 — інваліднасьць, 10 — мэнтальныя разлады, 32 — ва ўзросьце старэй за 60 гадоў (шмат хто з іх таксама мае праблемы са здароўем).
Сярод палітвязьняў — 39 шматдзетных маці і бацькоў. Вядома мінімум пра 10 сем’яў, у якіх абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.
Са жніўня 2020 года ў Беларусі ня быў дазволены «ніводны апазыцыйны мірны сход», «за ўдзел у вулічных пратэстах 2020 года ўлады пяты год прасьледуюць удзельнікаў у крымінальным парадку», канстатуецца ў аглядзе. Адзначаецца, што паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх) за гэты час асуджана не менш за 3230 чалавек.
Сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў» у красавіку пашыраны на дзевяць пазыцый, цяпер у яго ўключана 279 груп грамадзян.
У красавіку пералік асоб, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасьці», папоўніўся 139 прозьвішчамі, што на 41 больш, чым месяцам раней. 13 чалавек папоўнілі сьпіс «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці», цяпер у ім 1268 чалавек, 574 зь якіх — беларусы.
У мінулым месяцы вынесена 141 судовае рашэньне аб прызнаньні кантэнту «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
«У красавіку беларускія ўлады працягнулі маштабную кампанію рэпрэсій пад выглядам барацьбы з „экстрэмізмам“ і „тэрарызмам“. Сярод яўных тэндэнцый — сыстэмная зачыстка грамадзянскай супольнасьці, пры якой нават невялікія лякальныя ініцыятывы зазнаюць нападкі», — адзначаюць праваабаронцы.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум