Узначальвае дэлегацыю намесьнік прэм’ер-міністра Юры Шулейка. Заяўленая мэта візыту — абмеркаваньне эканамічнай супрацы, паведаміла афіцыйнае радыё КНДР «Голас Карэі».
Дэлегацыя ўраду Беларусі возьме ўдзел у паседжаньні камітэту гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзьвюх краін. Візыт працягнецца з 6 да 9 траўня.
У афіцыйных СМІ Беларусі інфармацыю пра візыт урадоўцаў у Паўночную Карэю знайсьці не ўдалося.
Вайскоўцы КНДР бяруць удзел у вайне Расеі супраць Украіны на баку Масквы. Афіцыйны Менск падтрымлівае расейскую агрэсію ва Ўкраіне.
Храналёгія збліжэньня Беларусі і Паўночнай Карэі
Улады Беларусі каля году таму сталі актыўна заяўляць аб сваёй цікавасьці да Паўночнай Карэі — закрытай дзяржавы з дыктатарскім рэжымам, супраць якой дзейнічаюць санкцыі Рады Бясьпекі ААН, зьвязаныя з разьвіцьцём ядзернай праграмы.
15 верасьня 2023. На перамовах з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным Аляксандар Лукашэнка сказаў, што Расея, Беларусь і КНДР маглі б «падумаць пра супрацу недзе на траіх».
18 студзеня 2024. Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік абмеркаваў «паглыбленьне супрацы» з намесьнікам міністра замежных спраў Паўночнай Карэі Кім Сон Гёнам. Сустрэча адбылася падчас саміту «Руху недалучэньня» ў Угандзе.
16 красавіка 2024. Пхеньян наведаў намесьнік міністра замежных справаў Яўген Шастакоў у рамках «плянавых палітычных кансультацыяў».
23–25 ліпеня 2024. КНДР наведаў міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў. Па візыце ён сказаў, што Паўночная Карэя — «краіна вельмі цікавая і канкрэтны прыклад, як працуюць фэйкі, якія навязваюцца празь нейкія інфармацыйныя рэсурсы міжнароднай супольнасьці», нагадвае «Позірк».
Форум