Уначы 7 траўня «Шарамецьева» двойчы прыпыняла прыём і адпраўку рэйсаў праз пагрозу нападу ўкраінскіх дронаў, піша Расейская служба Радыё Свабода.
Некаторыя рэйсы «Аэрофлота» былі затрыманыя або перанакіраваныя на запасныя аэрадромы. Увечары 6 траўня аналягічныя захады ўводзілі і ў іншых аэрапортах — «Дамадзедаве», «Унукаве» і «Жукоўскім».
Пра падобныя захады паведаміла і авіякампанія «Россия».
7 траўня «Аэрофлот» скасаваў больш за 50 рэйсаў з Масквы і больш за 50 у Маскву, паведамляе «Інтэрфакс». Увогуле затрымана было больш за 140 рэйсаў.
Авіякампанія «Победа» таксама абʼявіла аб скасаваньні часткі рэйсаў 6 і 7 траўня. Акрамя таго, магчымыя затрымкі і перанакіраваньні на запасныя аэрадромы, адзначылі ў кампаніі.
У «Шарамецьеве» ўтварыліся чэргі ля стоек інфармацыі, дзе пасажыры спрабуюць удакладніць статус рэйсаў, абмяняць або здаць білеты. Ва «Ўнукаве» некаторыя пасажыры чакаюць вылету з 6 траўня, начуюць у залях чаканьня. Акрамя маскоўскіх аэрапортаў, абмежаваньні таксама ўводзілі ў Казані, Ніжнякамску, Кіраве.
Праблемы з графікам узьніклі і ў Нацыянальным аэрапорце «Менск». Пра гэта сьведчыць электроннае табло менскага аэрапорту, зьвярнуў увагу «Смартпрэс».
З затрымкай у дзьве гадзіны вылецелі зь Менску ранішнія рэйсы «Белавія» ў маскоўскія аэрапорты. Затрымліваюцца і рэйсы зь Менску ў Пецярбург, і прылёты ў Менск як расейскіх авіяперавозьнікаў, так і беларускіх.
Форум