Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх фэхтавальнікаў дапусьцілі да камандных міжнародных спаборніцтваў пад нэўтральным сьцягам


Фэхтаваньне, ілюстрацыйнае фота
Фэхтаваньне, ілюстрацыйнае фота

Міжнародная фэдэрацыя фэхтаваньня (FIE) дазволіла спартоўцам зь Беларусі і Расеі ўдзельнічаць у камандных спаборніцтвах пад сваёй эгідай.

Прадстаўнікі Беларусі і Расеі цяпер могуць спаборнічаць у нэўтральным статусе, каманды будуць выступаць пад сьцягам фэдэрацыі, паведамляе прэс-служба арганізацыі.

Першым стартам сёлета стане чэмпіянат Эўропы, які пройдзе 14–19 чэрвеня ў Генуі (Італія). Далей адбудзецца чэмпіянат сьвету — 22–30 ліпеня ў Тбілісі (Грузія).

28 лютага 2022 году Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) на фоне распачатай расейцамі поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне заклікаў міжнародныя спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтую рэкамэндацыю масава прынялі ў розных арганізацыяй, і беларускі спорт усьлед за расейскім апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі ад сьвету. Беларусь пакараная за тое, што рэжым Лукашэнкі, які сілавым спосабам утрымлівае ўладу ў дзяржаве, падтрымаў наступ расейцаў і даў для яго сваю тэрыторыю.

25 студзеня 2023 году выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі і Расеі праз вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму атлету нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі празь ягоны пашпарт». Пасьля гэтага ў міжнароднай спартовай супольнасьці пачалося абмеркаваньне варыянту допуску беларускіх і расейскіх атлетаў на Алімпійскія гульні 2024 году ў Парыжы.

28 сакавіка 2024 МАК яшчэ з прэзыдэнтам Томасам Бахам на чале выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у індывідуальных міжнародных спаборніцтвах у нэўтральным статусе. З аналягічнымі ўмовамі камітэт дапусьціў індывідуальных спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях-2024.

Некаторыя міжнародныя фэдэрацыі, у тым ліку фэхтавальная, дазволілі беларусам удзельнічаць у індывідуальных спаборніцтвах.

На летняй Алімпіядзе-2024 у Парыжы абмежаваная колькасьць беларускіх атлетаў, якія выступалі ў нэўтральным статусе, заваявалі чатыры мэдалі — залаты, два сярэбраныя і масяжовы, заняўшы віртуальнае 50-е месца ў агульным заліку. Аднак сярод іх прадстаўнікоў фэхтаваньня не было, цяпер, з чэмпіянатаў Эўропы і сьвету, беларусы здолеюць вярнуцца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG