Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп абвясьціў 8 траўня ў ЗША Днём перамогі ў Другой усясьветнай вайне і назваў сябе міратворцам


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Трамп зазначыў, што перамога над нацызмам была дасягнутая ў асноўным дзякуючы Злучаным Штатам.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп афіцыйна абвясьціў 8 траўня Днём перамогі ў Другой усясьветнай вайне.

Пра гэта гаворыцца ў праклямацыі, апублікаванай на сайце Белага дому 7 траўня. «Без ахвяраў нашых амэрыканскіх салдатаў гэтая вайна не была б выйграная, і наш сьвет сёньня выглядаў бы зусім інакш», — гаворыцца ў дакумэнце.

«Мільёны бессэнсоўна страчаных душ служаць напамінам таго, чаму мы павінны імкнуцца да міру церазь сілу. Я застаюся нязьменна адданым справе спыненьня бясконцых замежных войнаў, што ідуць гадамі, і перадухіленьня далейшых жыцьцёвых стратаў. Як я заявіў падчас сваёй інаўгурацыйнай прамовы, мы будзем вымяраць наш посьпех ня толькі перамогамі ў бітвах, але і войнамі, якія мы скончым — і маёй самай годнай спадчынай будзе спадчына міратворцы», — адзначае ў праклямацыі Дональд Трамп.

Выступаючы з гэтай нагоды ў Белым доме, Трамп таксама прызнаў, што ЗША ў вайне дапамагалі саюзьнікі, адзначыўшы ў тым ліку і Расею, але зноў падкрэсьліў, што перамога была дасягнутая ў асноўным дзякуючы Злучаным Штатам.

«Ува ўсім сьвеце саюзьнікі па Другой усясьветнай вайне сьвяткуюць на гэтым тыдні, але Злучаныя Штаты ніколі не далучаліся да належнага сьвяткаваньня, хоць перамога была дасягнутая ў асноўным дзякуючы нам. Падабаецца вам гэта ці не, але мы ўступілі ў гэтую вайну і выйгралі яе, і нам дапамагалі многія вялікія людзі, многія вялікія саюзьнікі. Але я думаю, што ніхто ня скажа, што мы не былі дамінантнаю сілаю ў той вайне», — заявіў Трамп.

  • Раней Дональд Трамп у сацыяльнай сетцы Truth Social аб’явіў 8 траўня ў ЗША Днём Перамогі ў Другой усясьветнай вайне і напісаў, што Злучаныя Штаты зрабілі «нашмат больш за іншыя краіны» для перамогі ў ёй.
  • Таксама Трамп абʼявіў 11 лістапада Днём перамогі ў Першай усясьветнай вайне.
  • 8 траўня 1945 году, дзень капітуляцыі нацыстоўскай Нямеччыны, у ЗША, як правіла, завуць «Днём перамогі ў Эўропе», бо Другая ўсясьветная вайна завяршылася толькі з капітуляцыяй Японіі, падпісанай 2 верасьня.
  • Дагэтуль у ЗША сьвята 8 траўня афіцыйнага статусу ня мела. З указу Трампа вынікае, што 8 траўня абвешчана Днём перамогі ў Другой усясьветнай вайне як такой, а ня толькі над Нямеччынай.
  • ЗША ўступілі ў Другую ўсясьветную вайну 7 сьнежня 1941 году, пасьля нападу японскага флёту на амэрыканскую вайскова-морскую базу ў Пэрл-Гарбары.
  • Найбуйнейшыя страты амэрыканская армія панесла ў Нармандзкай апэрацыі — высадцы другога фронту ў пэрыяд з 6 чэрвеня па 25 жніўня 1944 году. Апэрацыя скончылася 31 жніўня вызваленьнем усёй паўночна-заходняй часткі Францыі.
  • Злучаныя Штаты таксама дапамагалі сваім саюзьнікам у Другой усясьветнай вайне вайсковымі матэрыяламі, уключаючы боепрыпасы, танкі, самалёты, грузавікі, а таксама харчаваньне і сыравіну (лэнд-ліз).


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG