Індыя абвінаваціла суседа ў спробе нападу, напружанасьць паміж ядзернымі супернікамі зноў узрасла.
Індыя прызнала, што яна нанесла ўдар па сыстэме супрацьпаветранай абароны Пакістану, а Ісламабад заявіў, што зьбіў некалькі бесьпілётнікаў. Індыя заявіла, што «нэўтралізавала» спробы Пакістану нанесьці ўдары па вайсковых мэтах. Праверыць усе гэтыя заявы было немагчыма.
Абмен рэплікамі адбыўся празь дзень пасьля таго, як індыйскія ракеты ўдарылі па некалькіх месцах у Пакістане, забіўшы 31 мірнага жыхара, па словах пакістанскіх чыноўнікаў. Нью-Дэлі заявіў, што гэта быў адказ на тое, што ўзброеныя людзі забілі 26 чалавек, пераважна індуісцкіх турыстаў, у кантраляваным Індыяй Кашміры ў мінулым месяцы. Індыя абвінаваціла Пакістан у тым, што ён стаіць за гэтым нападам. Ісламабад адмаўляе гэта.
Абодва бакі таксама абмяняліся моцным агнём на мяжы ў спрэчным Кашміры, і Пакістан заявіў, што забіў дзясяткі індыйскіх салдат. Пацьверджаньня з боку Індыі не было.
Прэм’ер-міністар Пакістану Шэхбаз Шарыф паабяцаў адпомсьціць за гібель людзей у выніку ракетных удараў Індыі, што выклікала асьцярогі, што дзьве краіны могуць апынуцца на шляху да новага татальнага канфлікту.
Адносіны паміж краінамі фармаваліся канфліктамі і ўзаемнай падазронасьцю, асабліва ў іх спрэчцы за Кашмір. Яны вялі дзьве з трох войнаў за Гімалайскі рэгіён, які падзелены паміж імі і на які прэтэндуюць абодва бакі цалкам.
З-за высокай напружанасьці Індыя эвакуавала тысячы людзей зь вёсак паблізу моцна мілітарызаванай мяжы ў рэгіёне. Дзясяткі тысяч людзей начавалі ў сховішчах.
Каля 2000 вяскоўцаў таксама пакінулі свае дамы ў Кашміры, які знаходзіцца пад кіраваньнем Пакістану.
Форум