Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы за нелегальнае перасячэньне беларускай мяжы грамадзянін ЗША пакінуў Беларусь


Антон Рос на відэа, якое апублікавалі на канале «Первый информационный»
Антон Рос на відэа, якое апублікавалі на канале «Первый информационный»

Грамадзяніна ЗША Антона Роса затрымалі 31 сакавіка на чыгуначнай станцыі Маладэчна за нелегальнае перасячэньне беларускай мяжы: ён ехаў зь Літвы ў парожнім вагоне таварнага цягніка.

Грамадзянін ЗША Антон Рос пакінуў Беларусь, расказалі ў этэры тэлеканалу «Беларусь 1», паведамляе БЕЛТА.

Антон Рос разам з сваімі бацькамі перасёк беларускую мяжу ў ноч на 8 траўня. Ён правёў больш за тры тыдні ў РНПЦ псыхічнага здароўя. Тут ён сустрэўся з сваёй сям’ёй.

Ягоная маці сьцьвярджае, што ў сына праблемы з памяцьцю. Каб забраць сына, Ларыса Рос 13 гадзін правяла за стырном аўтамабіля.

«Шкада, што ён так зрабіў. Я прыношу свае прабачэньні, бо гэта правапарушэнне. Можна яму толькі дараваць, бо ён не падумаў. У чалавека праблема з памяцьцю», — сказала Ларыса Рос у інтэрвію дзяржаўным СМІ.

27-гадовага Антона Роса затрымалі супрацоўнікі беларускай мытні на чыгуначнай станцыі Маладэчна за незаконнае перасячэньне мяжы ўначы 31 сакавіка. Ён ехаў зь Літвы ў адным з парожніх вагонаў. Папярэдні разбор паказаў, што грамадзянін ЗША яшчэ 24 сакавіка двойчы спрабаваў уехаць у Беларусь.

Беларускія прапагандысты паказалі сюжэт зь ім. Як стала вядома зь сюжэту прапагандысцкага каналу «Первый информационный», Антон Рос сказаў, што ўжо быў у Менску некалькі гадоў таму, і заявіў, што хацеў бы застацца ў Беларусі.

«Так атрымалася, што ў мяне цяжка з дакумэнтамі, я ў роспачы паспрабаваў апошняй спробай дабрацца да вас сюды. Я быў калісьці ў Беларусі, мне тады вельмі спадабалася», — расказаў прапагандыстам Антон Рос па-расейску.

Ён адзначыў, што «хадзіў у расейскую школу некалькі гадоў».

Таксама Антон Рос сказаў, што «ў войску ніякім не служыў» і ня мае дачыненьня да сытуацыі з гібельлю падчас вучэньняў у Літве чатырох амэрыканскіх вайскоўцаў на палігоне ў Падбродзьдзі.

  • 31 сакавіка Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі паведаміў пра затрыманьне за нелегальнае перасячэньне беларускай мяжы 27-гадовага грамадзяніна ЗША. Паводле ведамства, амэрыканца затрымалі на чыгуначнай станцыі Маладэчна: ён ехаў зь Літвы «ў адным з парожніх вагонаў [таварнага] чыгуначнага цягніка».
  • На наступны дзень Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі расказаў падрабязнасьці. Паводле ведамства, мужчына 24 сакавіка двойчы спрабаваў уехаць на тэрыторыю Беларусі: раніцай праз пункт пропуску Каменны Лог (Меднікі зь літоўскага боку мяжы), а ўвечары таго ж дня — праз памежны пераход Беняконі (Салечнікі). Падчас памежнага кантролю ён ня змог пацьвердзіць наяўнасьць сродкаў для пакрыцьця выдаткаў на знаходжаньне ў Беларусі і выезд з краіны, таму яму адмовілі ва ўезьдзе, паведамілі ў Памежным камітэце.
  • Паведамлялі, што пасьля прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці за незаконнае перасячэньне мяжы амэрыканца дэпартуюць на тэрыторыю Літвы, удакладнілі ў ведамстве.
  • 1 красавіка ў літоўскай Службе аховы дзяржаўнай мяжы паведамілі, што 27-гадовы грамадзянін ЗША, якога затрымалі ў Беларусі, ніяк ня зьвязаны са здарэньнем на палігоне ў Падбродзьдзі, дзе падчас вучэньняў зьніклі чацьвёра амэрыканскіх вайскоўцаў. Паводле ведамства, гэты чалавек апошнія некалькі тыдняў знаходзіўся ў Літве на законных падставах. Супрацоўнікі літоўскай Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы сустрэліся і размаўлялі зь ім 26 сакавіка на мяжы з Расеяй, на чыгуначнай станцыі Кібартай, а 27 і 30 сакавіка — ужо на мяжы зь Беларусьсю, у раёне чыгуначнай станцыі Кена.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG