Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскіх гарадах падчас правядзеньня парадаў адключаюць мабільны інтэрнэт


Парад у Маскве, 9 траўня 2025
Парад у Маскве, 9 траўня 2025

У Расеі адбываюцца збоі ў працы мабільных апэратараў. Гэта зьвязана з парадамі да 80-годзьдзя перамогі над Нямеччынай.

У Маскве 9 траўня мабільны інтэрнэт перастаў працаваць за гадзіну да пачатку парада, паведамляе «Мэдыязона». Тэлеграм-канал «Асьцярожна, навіны» пісаў, што на Краснай плошчы працуе толькі Wi-Fi.

Акрамя гэтага, збоі ў працы інтэрнэта фіксуюць і ў іншых расейскіх гарадах, дзе праходзяць парады да 9 траўня. Аб адключэньнях мабільнага інтэрнэту пісалі тэлеграм-каналы і выданьні з Хабараўска, Ніжняга Ноўгарада, Уфы, Саратава, Екацярынбурга, Кастрамы і Варонежа. Паведамляецца аб праблемах ня толькі з інтэрнэтам, але і з безнаяўнай аплатай.

Праблемы з мабільным інтэрнэтам, працай анлайн-плацяжоў і службаў дастаўкі пачаліся за два дні да правядзеньня парадаў і іншых імпрэзаў, прысьвечаных 80-годдзю Перамогі. Таксама ў Маскве закрылі крамы, кавярні і рэстараны па ўсім шляху руху вайсковай тэхнікі.

Гэта паўплывала і на працу банкаматаў. Дастаўкі, крамы, каршэрынгі таксама папярэдзілі, што кліентам трэба быць гатовымі да збояў у працы сэрвісаў. Пасажырам маскоўскага мэтро раілі загадзя папоўніць праязныя.

Раней прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў папярэдзіў, што перабоі з інтэрнэтам будуць доўжыцца да 10 траўня ўключна, і што гэта ня збой, а мэтанакіраваная палітыка ўладаў.

«Тут трэба з абсалютным разуменьнем да гэтага ставіцца. Мы з вамі як масквічы, як жыхары гораду, вядома ж, хочам, каб гэтае слаўнае сьвята перамогі было адзначанае на належным узроўні. І каб усе мерапрыемствы прайшлі так, як гэта задумвалі арганізатары».

Улады Расеі абмяжоўваюць інтэрнэт пры дапамозе тэхнічных сродкаў супрацьдзеяньня пагрозам, гэтымі прыладамі забясьпечылі ўсе сеткі апэратараў у Расеі. Такім чынам улады могуць адключыць мабільны інтэрнэт у кожны зручны момант.

Як пройдзе парад у Менску

Вайсковы парад, прысьвечаны 80-й гадавіне Перамогі, у Менску пачнецца 9 траўня ў 20:30. Чакаецца, што на яго прыляціць з Масквы Аляксандар Лукашэнка.

У Дзень перамогі 9 траўня асабовы склад органаў унутраных справаў і ўнутраных войскаў Беларусі з 6:00 пераводзяць на «ўзмоцнены варыянт нясеньня службы».

Супрацоўнікі міліцыі несуць службу як у форме, так і ў цывільным, ува ўсіх месцах правядзеньня масавых захадаў «будуць задзейнічаны магчымасьці рэспубліканскай сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі».

У асобных месцах, у тым ліку на месцы правядзеньня параду, разгорнуць кантрольна-прапускныя пункты, дзе будуць праводзіць асабісты надгляд. Забароненыя рэчы, паведаміў міліцэйскі начальнік, можна будзе здаць у часовыя камэры захоўваньня.

Каля месцаў правядзеньня сьвяточных імпрэзаў 9 траўня будзе абмежаваны рух транспарту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG