Пра сустрэчу Дональда Трампа і Ахмэд аш-Шараа ў Эр-Рыядзе паведаміла агенцтва AP. Сустрэчу пацьвердзіў Белы дом. Яна прайшла ў закрытым ад прэсы фармаце, аднак у сеціве ўсё ж зьявіліся фатаграфіі з сустрэчы. На іх акрамя Трампа і сырыйскага лідэра прысутнічае таксама насьледны прынц Саудаўскай Арабіі Мухамад бін Сальман.
Напярэдадні Дональд Трамп заявіў, што аддасьць распараджэньне спыніць санкцыі супраць Сырыі. Яны былі ўведзеныя супраць рэжыму прэзыдэнта Башара Асада, якога зрынулі ў сьнежні летась. Аш-Шараа быў кіраўніком найбуйнейшай узброенай групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам», якая супрацьстаяла Асаду.
Гэта групоўка, як і сам аш-Шараа, была ўключаная Злучанымі Штатамі ў сьпіс тэрарыстычных, бо ў мінулым была зьвязаная з «Аль-Каідай». Пасьля прыходу аш-Шараа да ўлады яшчэ папярэдняя адміністрацыя ЗША выключыла яго зь сьпісу шуканых асобаў.
«Я аддам загад аб спыненьні санкцыяў супраць Сырыі, каб даць ім шанец на веліч», — сказаў Трамп, выступаючы 13 траўня на інвэстыцыйным форуме ў Саудаўскай Арабіі. Калі менавіта здымуць санкцыі, амэрыканскі прэзыдэнт не сказаў. Дамаск вітаў аб’яву Трампа аб зьняцьці санкцыяў. Пры гэтым, як паведамляюць мэдыя, прэмʼер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу даў Трампу зразумець, што супраць гэтага рашэньня.
Прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт заявіла, што Трамп на сустрэчы з аш-Шараа заклікаў яго завязаць дыпляматычныя адносіны з Ізраілем, працягнуць барацьбу з тэрарызмам і, у прыватнасьці, узяць на сябе адказнасьць за функцыянаваньне турмаў, дзе трымаюць асобаў, зьвязаных з групоўкай «Ісламская дзяржава». Аш-Шараа ў сваю чаргу сказаў Трампу, што вітаў бы амэрыканскія інвэстыцыі ў нафтагазавую прамысловасьць Сырыі.
Частка тэрыторыі Сырыі па-ранейшаму непадкантрольная ўладам у Дамаску. На гэтай тэрыторыі разьмешчаныя ў тым ліку амэрыканскія войскі, якія аказваюць дапамогу мясцовым курдзкім і арабскім аддзелам у барацьбе з «Ісламскай дзяржавай». ЗША афіцыйна падтрымліваюць адзінства Сырыі, настойваючы на тым, што там павінны забясьпечвацца правы ўсіх этнічных і рэлігійных групаў.
Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі
- З 2011 году ў Сырыі ішла грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Башара Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў. Расейцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
- Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада 2024 году. Іх узначаліў Мухамад аль-Джуляні. Тады сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі ўрадавага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс).
- 8 сьнежня паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск, а падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад. Тым самым быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну.
- Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве буйныя расейскія вайсковыя базы і некалькі дзясяткаў вайсковых аб'ектаў.
- На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сэйдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень. Паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011-га па 2016 год.
- На памежных пунктах Сырыі 9 сьнежня былі чэргі з сотняў сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца ў краіну пасьля падзеньня рэжыму Асада. Найбольшыя чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
- У амбасадах Сырыі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Менску, пачалі замяняць сьцягі на зялёна-бела-чорны з чырвонымі зоркамі, пад якімі ішлі паўстанцы.
- 10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Ён будзе заставацца на часовай пасадзе да 1 сакавіка.
- На чале паўстанцаў стаіць ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, і абвясьціла для іх амністыю. Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
- «Хаят Тахрыр аш-Шам» — ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.
Форум